Дзень сонца



3 траўня – цікавы дзень насамрэч. Гэта Сусветны дзень свабоды друку і Сусветны дзень сонца… І ў беларускім раскладзе цяжка сказаць, што можна святкаваць з надзеяй на тое, што будзеш гэта мець – свабоду? Сонца? Не хапае нам такіх матэрый… Можа, так і трэба?

Нам цяпер не да свабоды і не да сонца – крызіс у нас (не першы год)! Дармаеды! Працоўныя месцы! Самі ведаеце хто і на якім высокім узроўні загадаў працаўладкаваць усіх! У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны адрапартавалі – хто хацеў, таму працу знайшлі. У прыватнасці, міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі  Ірына Касцевіч нагадала, што ў красавіку ва ўсіх рэгіёнах была разгорнутая маштабная работа ў дадзеным накірунку:”Мы дайшлі да кожнага чалавека. За красавік працаўладкавалі больш за 85 тысяч чалавек…”Спадарыня міністр зазначыла, што на рынку працы цяпер сітуацыя стабілізавалася.  Колькасць занятых у эканоміцы вырасла на 5,6 тысяч чалавек… І нават  адзначаецца рост колькасці прадпрыемстваў. Жывем!

Пяройдзем з макра на мікраўзровень. Зірнем на горад Маладзечна і на мясцовыя вакансіі. 47 вакантных месцаў прапануюць людзям, якія маюць толькі агульную сярэднюю адукацыю. Праўда, у некаторых вакансіях сярод патрабаванняў маецца досвед працы не менш за год і наяўнасць вадзіцельскіх катэгорый… Самыя вялікія заробкі з прапанаваных вакансій абяцаюць машыністу крана і міліцыянеру-кінолагу групы затрымання – ад 500 да 600 рублёў. Самыя малыя – дворнікам, прадаўцам, прыбіральшчыкам, швачкам,  сацыяльным работнікам – менш за 270 рублёў.

Карацей, хто на што вучыўся! І не забудзем пра досвед, бо нават у аператара машыннага даення ён павінен быць. Каровы патрабуюць да сябе павагі.

 

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ