Дзіцячы садок з элементамі дзедаўшчыны



Некаторыя паэтычныя выразы кіраўніка нашай дзяржавы – вобразныя і крылатыя – літаральна лятуць у космас, а на нашу грэшную зямельку вяртаюцца ў дзіўным выглядзе.

Возьмем тыя ж булкі з разынкамі – смачная рэч! Асноўная фішка – разыначкі: без іх булка не булка… Разыначкі як раз і загадана павыкалупваць! То бок людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, што павялі народ за сабой на “Маршы недармаедаў”. Быццам павялі, бо насамрэч многія суайчыннікі выйшлі на вуліцы ад адчаю ды ў простым пошуку – пошуку суразмоўцаў і дыялогу. Мэта? Знайсці адказы на свае балючыя пытанні.

Ні БТ, ні “Белсат” не могуць адказаць на пытанні, пастаўленыя чыноўнікамі, але шчырая, рашучая размова ў нашы дні, у нашай краіне – раскоша. І дазволіць яе сабе можа не кожны, як і свежую выпечку. Днямі ў сталіцы адбылася нарада “Актуальныя пытанні прафілактыкі правапарушэнняў”. У сваёй прамове намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Лашын распавёў пра выпадак, што здарыўся ў горадзе Маладзечна. 7-гадовы хлопчык з’еў булачку ў гіпермаркеце.У дачыненні да дзіцяці распачалі адміністрацыйны працэс за дробны крадзеж. Супрацоўнікі праваахоўных органаў дамагаліся прызнання віны і патрабавалі тлумачэнняў. Сітуацыя дзіўная. Пракурора яна абурыла, але ж ці варта было даводзіць да пракуратуры справу літаральна на 90 капеек – кошт той самай славутай булачкі? Дарэчы, з разынкамі яна была ці без іх, невядома. За дробны крадзеж прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (ад 230 да 690 рублёў) або адміністрацыйны арышт. Пра што думала ахова супермаркета, пра што думалі міліцыянеры ў Маладзечна, заводзячы крымінальную справу на дзіця?

І яшчэ адно пытанне нашай сацыяльнай дзяржаве. Бацькі павінны несці адказнасць за сваіх дзяцей – гэта факт, але ці варта рабіць дзяцей закладнікамі бацькоў з экстрэмальнай прафесіяй? Журналістцы “Белсата” Ларысе Шчыраковай пагражалі забраць 10-гадовага сына Святаслава ў інтэрнат па адной простай прычыне – праца. Рэпатэрская праца спадарыні Шчыраковай па асвятленні “Марша недармаедаў” у Рагачове і штраф, атрыманы за гэта “бонусам” (сем базавых велічыняў або 161 беларускі рубель).

Дзіўны гэты свет, дзе няма месца такім простым чалавечым радасцям як дзіцячае свавольства, выкананне сваёй працы і… булкі з разынкамі і сямейныя размовы за кавай ці гарбатай. Дзіўны ці дзікі – наш свет?

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ