Калядны настрой



Елка, шампанскае, мандарыны, вогнішча каміна, цёплыя паласатыя шкарпэткі і клятчатыя пледы… Калі вы штосьці важнае не паспелі сказаць ці зрабіць 31 снежня, то ў вас, даражэнькія, яшчэ застаецца шанец зрабіць гэта ў прамежку ад праваслаўнага Раства да Старога Новага году… Такі сабе святочны перыяд для другога шансу. Свецкі і рэлігійны адначасова.

«Дзед мароз, ідзі куццю есці!», — словы з дзяцінства, тое, што сапраўды згадваецца з цеплынёй і ўдзячнасцю. Ён прыходзіў і прыносіў усім пачастункі, падарункі і добры святочны настрой. Снежна-марозна-прыгожы, калі пашанцуе!

На Гарадзеншчыне Раство пачынаюць адзначаць ужо 24 снежня: тут шмат каталікоў, шмат сямей, дзе спалучаюцца каталіцтва і праваслаўе. Паміж Захадам і Усходам вельмі цяжка ўтрымліваць баланс. Адна бабуля праваслаўная, другая — каталічка. Што ж рабіць?! Паставіць елку перад каталіцкім Раством, адзначыць Новы год і пакінуць моцы фізічнай і духоўнай на святкаванне праваслаўнага Раства! У прыватнасці, ёсць шанец грунтоўна і спакойна падумаць пра вынікі года старога і перспектывы новага. Узважыць падзеі ды надзеі. І – як варыянт! — адкрыць у сабе нешта важнае і насамрэч цікавае.

Простыя смяротныя не могуць змяніць каляндар. Не могуць адкарэктаваць часам неразумныя і падчас зусім неміласэрныя выказванні некаторых чыноўнікаў ад царквы ці касцёлу. І насамрэч застаецца святкаваць усё па чарзе, бо ўсё — тваё. Ад сябе не адмовішся. Святкаванне Раства ці Вялікадня заўжды залежала ад старэйшых людзей сям’і, роду. Зазвычай менавіта бабулі ды прабабулі таемна хрысцілі ўнукаў ды прыхоўвалі іконы… Яны ж рыхтавалі куццю ды збіралі сям’ю вакол святочнага стала 24 снежня ці 6 студзеня. Сена, чысты абрус, дванаццаць страваў на стале, а за сталом – уся сям’я: малыя, сталыя, старыя… Разам.

Каляда, Каляда, на зямлі — Святы Вечар,

нарадзіўся у яслях Збавіцель і Бог.

І пасталі бярозаў танклявыя свечкі

паабапал заснежаных, белых дарог.

Ізноўку Геніюш… Ізноўку марозныя Каляды. Холад звонку і цеплыня знутры.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ