Масавая электрыфікацыя? Пагналі!



Яшчэ не дабудавалі першую беларускую АЭС у Астраўцы, яшчэ не забыліся апошнія скандалы вакол абалонкі рэактара, яе замены і транспарціроўкі, а некаторыя таварышы (і таварышы сур’ёзныя, з сур’ёзнымі пасадамі!) разважаюць пра АЭС другую, трэцюю і г. д.

Хочацца сказаць: пажывем – пабачым! І хацелася б пабачыць штосьці больш аптымістычна-экалагічнае ды інавацыйнае ў нашых шэрых шыротах, але… Калі айчынную АЭС усё ж такі дабудуюць і яна пачне працаваць, то па некаторых прагнозах мы будзем мець лішкі электраэнергіі. І гэты прадукт нельга будзе захоўваць як трактары ці сілікатныя блокі на складах блакітнавокай. Прадукт трэба будзе хутка і аператыўна скарыстаць.

Досвед жыцця беларуса паказвае, што ён доўга церпіць і на цвіку сядзіць надзейна… Таму мы будзем тымі, кім нам загадаюць быць. І з усмешкай пяройдзем ад масавай газіфікацыі да масавай жа электрыфікацыі беларускіх абшараў, прычым без замены пастаўшчыка сыравіны. Даеш электрапліту ў кожную хату ды кватэру! І электрамабіль – у кожны гараж!

Першы беларускі народны электрамабіль запланавана прадставіць зацікаўленай грамадскасці летам 2017 года. Машына будзе створана на базе адной з мадэляў аўтамабіля “БелДжы”. Электратэхнічная і электрамеханічная частка новага аўто – на 100% айчынная распрацоўка. Зажывем!

Пра планы пабудовы новых АЭС у будучыні і распрацоўку беларускага электрамабіля распавёў днямі журналістам Уладзімір Гусакоў – кіраўнік Прэзідыума НАН Беларусі.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ