Метро – раскоша ці сродак перамяшчэння ў прасторы?



Ці з’явіцца ў Гомелі лёгкае метро і калі дабудуюць трэцюю лінію метро сталічнага, пакажа час і стан беларускай эканомікі… Ці ўсе людзі змогуць карыстацца такім відам гарадскога транспарту? Іншае пытанне.

І справа тут не ў фінансавых магчымасцях, а найперш – у фізічных: ёсць пэўныя катэгорыі грамадзянаў, якім патрэбна мінімальная дапамога пры перамяшчэнні ў прасторы. Не дапамога нават – адсутнасць перашкодаў. Прыступак, напрыклад.

Парыжскае метро – таксама не самы зручны від транспарту для інвалідаў-калясачнікаў, затое там да іх дружалюбны ўвесь наземны транспарт. Беларуская сталіца не вызначаецца прыязнай атмасферай парыжскіх усмешак, утульных кавярняў, паркаў і… прыстасаваных аўтобусаў з рухомымі пандусамі.

Маем, што маем… Што менавіта? Не вельмі шмат.

У чэрвені бягучага года каманда праекта “Метро для ўсіх” (http://metro4all.org/ru/ ) арганізавала збор дадзеных пра прыстасаванасць менскага метрапалітэна для маламабільных груп насельніцтва. Уся інфармацыя была дададзена ў мабільныя ды вэб-дадаткі. І цяпер зацікаўленыя жыхары беларускай сталіцы – і мамы з дзіцячымі каляскамі, і інваліды-калясачнікі, і пажылыя людзі – змогуць даведацца пра перашкоды, што чакаюць іх у сталічным метро.

Ведаючы пра перашкоды ў падземцы, любы чалавек зможа выбраць для сябе найбольш зручны маршрут. Іх мала, на жаль, і гэта ўжо не праблема праекта “Метро для ўсіх” – гэта праблема нашага горадабудаўніцтва, дзе так мала ўвагі надаецца людзям. Розным людзям. Тут згадваецца і праблема парковак, і праблема першай моцнай залевы, што пераўтварае еўрапейскі горад у брудны басейн. Мы штосьці будуем, праектуем, плануем, афармляем паперы, а людзі… Людзі перыядычна становяцца статыстычнай пагрэшнасцю ў прыгожа афрмленых паперах, асабліва людзі на калясках.

Агульная колькасць станцый менскага метрапалітэна – 29. З іх толькі 5 прыстасаваны для перамяшчэння на інвалідных калясках. 20 маршрутаў. 4,3% ад агульнай колькасці ўсіх магчымых маршрутаў сталічнага метро. На новых станцыях маем ліфты і пад’ёмнікі. Цудоўна! З 22 ліфтаў працуе 13, а з 24 пад’ёмнікаў –  6. Навошта было іх увогуле ставіць і растрачваць грошы народныя?

Між тым, каманда праекта “Метро для ўсіх” – асобная гісторыя. Запрашае ўсіх ахвотных пратэсціраваць іх схемы, праманіторыць інфармацыю і дапамагчы з перакладам сайта на беларускую ды ангельскую мовы. Людзі кіруюцца прынцыпам “Рабі, што можаш, і хай будзе, што будзе!” Думаецца, гэты прынцып дзеянняў універсальны для любой краіны, а для Беларусі – адзіна магчымы!

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ