Пазітыў пачатку года



Заўжды ў пачатку года цяжка сарыентавацца ў навіновай плыні і зразумець, што ж адбываецца з радзімай і з намі… Вось насамрэч – што?

Па-першае, холадна, вельмі холадна, спадарства! Моцны мароз стаў галоўным ньюсмейкерам пачатку года. Сапраўдныя калядныя маразы апанавалі Беларусь ды суседнія краіны… Зрэшты, ненадоўга. Арктычны цыклон ужо сыходзіць. Што застанецца?

Візы і тэсты. Бадай, гэта самыя важныя пазітыўныя навіны пачатку 2017 года.

Беларусь у аднабаковым парадку ўводзіць бязвізавы рэжым з 80 краінамі, у тым ліку з ЗША, Японіяй, Бразіліяй ды 39 еўрапейскім краінамі. Кіраўнік нашай дзяржавы падпісаў указ №8 – і мы шырока раскрываем дзверы прад прадстаўнікамі развітых краінаў замест таго, каб вымушаць іх збіраць шматлікія паперкі ды плаціць 150 еўра з чалавека за візу.

Першапраходцамі ў дадзеным пытанні былі Белавежская пушча, Аўгустоўскі канал, Гародня і Гарадзенскі раён – цяпер уся Беларусь запрашае! Праўда, толькі на 5 дзён і выключна паветраным шляхам, але гэта насамрэч лепш, чымсьці нічога. Гэта першы крок і, хочацца верыць, не апошні. Зрэшты, не варта асабліва сабой захапляцца і спадзявацца, што адмена візаў прынясе хуткі і добры вынік. Варта згадаць Грузію з Украінай, якія зрабілі аналагічны крок 10 год таму. Пажывем – пабачым, што там атрымаецца… Хтосьці сказаў, што нас чакае вельмі напружаны год. Цікава, ці стане больш напружаным трафік аэрапорта “Менск-2” праз месяц, калі прэзідэнцкі указ пачне дзейнічаць?

Другая пазітыўная навіна пачатку года тычыцца абітурыентаў. Цяпер яны могуць здаваць не тры, а чатыры прадметы падчас цэнтралізаванага тэставання. І дзейнічаць сертыфікаты будуць два гады. Вучыцца, вучыцца, вучыцца! Бадай, гэта тычыцца не толькі абітурыентаў.

Дар'я Ліс
Беларускае Радыё РАЦЫЯ