Лібералізацыя рынку



Беларускі кіраўнік даў загад на лібералізацыю рынку. Беларускія чыноўнікі ўспрынялі гэта спецыфічна. Раз лібералізацыя – значыцца беларуская мова не будзе абавязковай у гандлі. Падумаеш, грамадзяне просяць абавязаць вытворцаў размяшчаць інфармацыю пра тавары не толькі па-руску, але і па-беларуску. Чыноўнікі патлумачылі сваю адмову тым, што не ўсе тэрміны будуць зразумелыя. Такое адчуванне, што  грамадзяне прасілі размяшчаць інфармацыю па-кітайску. Няўжо для кагосьці незразумела, што такое “распрацавана і выраблена замове” ці “ўважываць да даты, пазначанай на крышцы”. І ўвогуле грамадзяне прасілі ж не забараніць рускую мову на этыкетках, а проста дадаць там яшчэ і беларускую мову. Аднак у нас жа лібералізацыя! А раз так, то можна і праігнараваць просьбы беларусаў.

Грамадзяне масава дасылалі ў Палату прадстаўнікоў адмысловыя лісты, у якіх прасілі размяшчаць інфрмацыю пра тавары і на беларускай мове, а не толькі на рускай. Ну, а што! У нас жа дзве дзяржаўныя мовы. Ёсць і тыя, хто па-беларуску размаўляе. Аднак для старшыні парламенцкай камісіі па жыллёвай палітыцыі і будаўніцтве Юрыя Дарагакупца гэта не аргумент. Паводле парламентара, у краіне прайшоў этап, калі людзям навязвалі, на якой мове размаўляць. Крута. То бок размяшчаць на этыкетках інфармацыю толькі па-руску – гэта ліберальна. А як папрасілі размяшчаць інфамарцыю не толькі па-руску, але і па-беларуску, дык гэта – навязванне чужой волі.

Затое, як чыноўнікі адсправаздачыліся: далі загад зняць бар’еры – мы і знялі. Прычым малымі сродкамі: усяго толькі не пусцілі беларускую мову на тавары.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ