Памяць



Адшумела 9 траўня. Ад’ездзілі амаль ўсе патрыятычныя аўто з тэматычнымі сцягамі. Скісла малако з этыкеткамі, аформленымі з сімваламі Дня перамогі. Пахадзілі некаторыя таварышы з партрэтамі вайскоўцаў, якіх часам не ведалі, як завуць. І нават не ўзгадалі, што апошні ўказ пра матэрыяльную дапамогу ветэранам выходзіў у 2015 годзе. Пройдзе яшчэ некалькі тыдняў і георгіеўскія стужкі на аўтамабілях пераўтворацца ў вартыя жалю анучы. І пра Дзень перамогі забудуць роўна на год да наступнага 9 траўня.

У вёсцы Краснае, што каля Гомеля, мясцовыя жыхары знайшлі месца масавых пахаванняў. Старажылы гавораць, што там падчас ІІ Сусветнай вайны расстрэльвалі габрэяў і ваеннапалонных. Аднак чамусьці не едуць масава на гэтае месца аўтамабілі з георгіеўскімі стужкамі, не ідуць туды ўдзельнікі парадаў, каб ускласці кветкі. А мясцовыя ўлады не спяшаюцца ўсталёўваць там мемарыял. Ні праз 25 год пасля перамогі, ні праз 72 гады. Ды што мемарыял! Нават раскопкі там паўнавартасныя не правялі. Яно і зразумела: раскопкі – гэта не парад, там шашлыкі не зробіш, відовішчаў людзям не прадэманструеш. Вось так і ляжаць мала каму патрэбныя невядомыя ахвяры вайны ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад Гомеля.

Калі б не жыхары Краснага, якія самі усталявалі помны крыж проста ў полі, то праз некалькі год ужо б ніхто не ўзгадаў бы пра тое, што там пахаваныя тысячы ахвяраў нацызму. Энтузіясты, паводле знойдзеных у амерыканскіх архівах фотаздымкаў, аднавілі месца знаходжанне супрацьтанкавага рва, дзе падчас вайны і адбываліся масавыя расстрэлы. Усю гэтую жудасную гісторыю распавёў Уладзімір Котаў, бацька якога ў дзяцінстве пачуў ад смяротна параненага вайскоўца просьбу: «Пахавайце нас па-чалавечы». Але згодна з беларускім заканадаўствам, самі жыхары не могуць рабіць эксгумацыю парэшткаў. А гомельскія чыноўнікі чамусьці не могуць знайсці на чалавечае перапахаванне грошай. Можа, таму, што ўсе грошы сышлі на парад?

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ