Перспектыўны турызм



Пакуль Украіна рыхтуецца да бязвізавага рэжыму з Еўропай, Расея таксама вырашыла не адставаць. Для бязвізавага рэжыму з Еўразвязам ёй пакуль перашкаджае анексія Крыма, а таму афіцыйная Масква пайшла сваім шляхам. Адметным. Паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй адкрыюць паромнае спалучэнне. Вельмі перспектыўны турыстычны накірунак. Для чаго ўсе гэтыя круасаны ды паэльі, лепей ехаць у краіну канцлагераў.

Паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй пачнуцца рэгулярныя грузапасажырскія перавозкі. Гэта сапраўдны прарыў у турызме. Заўважце, не з Паўднёвай Карэяй, а з Паўночнай. Як той казаў, скажы мне хто твой сябар, і я скажу, хто ты. І пакуль увесь свет дыстанцуецца ад вар’ятаў, якія кіруюць КНДР, расейская эліта наадварот наладжвае эканамічнае супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй. Хаця пра якую эканоміку можа ісці гаворка ў краіне, дзе амаль усё насельніцтва жыве за рысай галечы, а за спробу з’ехаць з краіны караюць не толькі смельчака, але і ўсю ягоную сям’ю. У канцлагер адпраўляюць усіх разам з маленькімі дзецьмі. Каля 15% насельніцтва Паўночнай Карэі жыве ў лагерах, дзе сутачная норма харчавання – 290 грамаў проса ці кукурузы ў дзень. Пра такія даброты сучаснай цывілізацыі, як інтэрнэт ці андроіды, большасць грамадзян КНДР проста не чула. Дасяг да сусветнага павуціння маюць толькі абраныя. Але любое наведванне сайтаў правяраецца потым службай бяспекі. І калі ўзнікаюць нейкія падазрэнні – чалавек адпраўляецца ў канцлагер. Паўночная Карэя – адзіная краіна ў свеце, дзе не ведаюць, хто такі Стыў Джобс. Тут не паказваюць “Гульню тронаў” ці “Зорных воінаў”. І нават афіцыйныя газеты можна трымаць не болей за некалькі гадоў. Карацей, чаго ехаць у загніваючую Еўропу, калі ёсць справядлівая, хоць і за калючым дротам, Паўночная Карэя.

Паромныя пераправы паміж Уладзівастокам і КНДР будуць ажыццяўляцца каля шасці разоў у месяц. І пачнуцца ўжо ў траўні. Так што, расейцы змогуць паехаць у турыстычную вандроўку на пару месяцаў раней за ўкраінцаў, якія без візаў змогуць наведаць Еўропу толькі ў другой палове лета.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ