Пра недармаедаў з дзяржаўных журналістаў



Праўладныя журналісты выступілі з заявай наконт асвятлення маршаў недармаедаў. Вось вы думаеце яны абурыліся, што міліцыя не дае працаваць журналістам? Што журналістаў затрымліваюць? Не, яны ушчуваюць незалежных журналістаў, што тыя няправільна асвятляюць падзеі і нават (о, які жах!) „скажаюць галоўную ідэю дэкрэта – ліквідацыю сацыяльнага ўтрыманства”. Самае цікавае, што сам БСЖ, які выступіў з заявай, з’яўляецца творчым саюзам. І гэта вельмі важная дэталь, бо ягоныя сябры, нават калі не працуюць, дармаедамі не з’яўляюцца. То бок ім падатак плаціць не трэба. Бо творчыя саюзы акурат вызваленыя ад падаткаў.

Як вы зразумелі, супрацоўнікі праўладных выданняў ушчувалі незалежных журналістаў. Маўляў, ай-яй-яй, журналіст не мае права спекуляваць фактамі. Асабліва дасталася ад дзяржаўных журналістаў замежным СМІ, якія не маюць акрэдытацыі. “Яны навязваюць беларускаму грамадству свой пункт гледжання на грамадска-палітычныя працэсы ў нашай краіне”, — гаворыцца ў заяве. Як той казаў, паглядзі свінішча на сваё відзішча. То бок прапагандысцкія фільмы кшталту “Званок другу” не з’яўляюцца навязваннем свайго пункту гледжання. А сюжэты незалежных СМІ з акцыяў пратэсту – гэта спекуляцыя фактамі. То бок, тое, што людзей прымушаюць на прадпрыемствах і ў школах выпісваць дзяржаўныя газеты – гэта ўсё правільна і адпавядае журналісцкай этыцы. А калі незалежныя журналісты асвятляюць несправядлівыя затрыманні і суды, — гэта яны сталі на бок несістэмнай апазіцыі. Перафразуючы класіка, помнікі якому стаяць у кожным нашым горадзе, вузкае кола гэтых дзяржаўных журналістаў, страшэнна далёкія яны ад народу.

 

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ