Прыгонныя педагогі



Не паспеў новы міністр адукацыі і па сумяшчальніцве камуніст Ігар Карпенка заняць сваю пасаду, як з’явіліся змены правілаў прыёму ў ВНУ і ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Паводле гэтых зменаў, тэрмін размеркавання можа павялічыцца з двух гадоў да пяці. Не разумею, чаго так мала. Трэба размеркаванне зрабіць, як для рэкрутаў войска Расейскай імперыі: на ўсё жыццё. Пакуль смерць не раз’яднае.

На жаль, не пашанцавала пакуль толькі педагогам. Гэта іх, радзімых, вырашылі адправіць у прыгонніцтва. Праўда, беларускія ўлады гэта назвалі чамусьці ільготамі. Маўляў, выпускнікі профільных класаў педагагічнай скіраванасці могуць паступаць у ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці толькі па выніках суразмоўя. То бок здаваць іспыты не трэба: прыйшоў, паразмаўляў і паступіў. Аднак пасля гэтага трэба будзе адпрацаваць не меней за пяць гадоў. Бывай паступленне ў магістратуру і аспірантуру. Бывай навучанне ў Еўропе ці ЗША. Спачатку трэба пяць год адпрацаваць для дабрабыту нашай дзяржавы ў якім-небудзь аграгарадку.

А ўвогуле, чаго спыняцца на дасягнутым. Можна ўвесці для настаўнікаў і іншыя правілы. Напрыклад, атрымліваць дазвол на шлюб у выканкамах. Ну, а што, настаўнікі мусяць быць прыкладам ва ўсім. У тым ліку, і ў сямейных стасунках. Таму пытанне жаніхоў і нявест мусіць быць на кантролі ў кіраўніцтва раёнаў. А яшчэ лепей, узяць і абвясціць выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў уласнасцю дзяржавы. І тут іх можна колькі заўгодна і дзе заўгодна трымаць на працы, на кім заўгодна жаніць і ўвогуле можна заробкі не плаціць. Педагогі – яны ж святыя, пражывуць і на духоўнай ежы.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ