Штраф штрафу – розніца



Беларуская дзяржава такая бедная, такая бедная, што ледзь не кожны дзень залазіць у кішэню да сваіх грамадзянаў. Пакуль што ёй цікавыя збольшага кішэні беспрацоўных, аўтамабілістаў і прадпрымальнікаў. І, канешне, грамадскіх актывістаў і журналістаў. Астатнія катэгорыі грамадзян мусяць сядзець ціха, бо паміж грамадска актыўным чалавекам і дармаедам у нашай краіне адзін крок. А раз ты дармаед і актыўны чалавек, то адкрывай сваю кішэню як мага шырэй. І тут ужо фантазіі не трэба, каб прыдумаць, за што выпісаць штраф якому актывісту ці журналісту. Быў бы чалавек, а артыкул заўжды знойдзецца – гэта яшчэ з савецкіх часоў вядома.

Актыўнага ў грамадскім сэнсе чалавека могуць так зацкаваць, што ён можа пазбавіцца асноўнай працы. То бок стаць дармаедам. А на гэтым, як вядома, можна яшчэ дадаткова разжыцца дзяржаве на грошы. Вось так і здарылася, напрыклад, з актывістам Змітром Дашкевічам. За кожную акцыю яго судзілі. І калі раней актывістаў каралі суткамі арышту, то цяпер беларускія ўлады сталі хітрэйшымі. Яны даюць штрафы. І нібыта лібералізацыя. І грошы можна ў бюджэт атрымаць. І непрыемнае актывістам зрабіць. І перад заходнімі партнёрамі чысценькімі выглядаць.

Штрафаў у Змітра Дашкевіча за ягоную грамадзянскую пазіцыю накапілася вельмі шмат. Ён іх проста не паспявае выплочваць. А ўлады толькі радыя старацца: узялі і канфіскавалі ў яго машыну, пакуль той не сплоціць штраф. А самае цікавае, аўто ў Змітра – не толькі сродак перасоўвання, але і сродак вытворчасці, на якім ён ездзіць атрымліваць замовы на выраб мэблі. Хтосьці гаворыць, што нават у Еўропе аўто за штрафы забіраюць. Толькі штраф штрафу – розніца. А ў нас, як той казаў, на рынку долі не купіш, а ў судзе праўды не знойдзеш.

Юлія Сівец
Беларускае Радыё РАЦЫЯ