Італія засмуціла Брусель



Учора, 4 снежня, у Італіі адбыўся канстытуцыйны рэферэндум, які закончыўся паразай яго ініцыятара, прэм’ера Матэа Рэнцы. На практыцы, вынік рэферэндуму азначае неабходнасць распісання новых выбараў, на якіх пераможцамі могуць аказацца еўраскептыкі кшталту тых, што прывялі да «Брэкзіту».

Пытанні, зададзеныя італьянцам, гучалі даволі няўцямна: «Ці вы падтрымліваеце канстытуцыйныя змены датычныя роўнапраўнасці абедзвюх палат парламенту, змяншэння колькасці дэпутатаў, абмежавання коштаў функцыянавання дзяржустановаў і змены адміністрацыйнага падзелу на рэгіёны, правінцыі і гміны». Бадай найбольш зразумелай для грамадзян была прапанова датычная так званай «сіметрычннай двухпалатнасці». Гэта значыць, што ў выпадку любога закона Палата Прадстаўнікоу павінна дамовіцца з Сенатам. У выніку, у Італіі зацягвалася прыняцце любога закона. Вось таму прэм’ер Рэнцы і ягоная кіруючая Дэмакратычная Партыя абяцалі змяніць палітычную сістэму, каб, як сам казаў, выцягнуць краіну з таго «балота» паралічу і застою. Ён прапанаваў урэзаць паўнамоцтвы Сената, утрая, да 100 скараціць колькасць сенатараў і каб яны абіраліся рэгіёнамі, а не ва ўсеагульных выбарах. Гэта паскорыла б прыняцце законаў альбо ратыфікацыю важных трактатаў. Прыхільнікі зменаў, у тым ліку вялікі бізнес, лічаць, што канстытуцыйныя змены неабходныя, каб зрабіць краіну больш стабільнай, правесці рэформу падатковай сістэм і рынку працы.

На першы погляд прапанаваныя змены падаюцца разумнымі, але для многіх італьянцаў яны неістотныя ў параўнанні з бягучымі праблемамі. Калі сенатараў не абіралі б ва ўсеагульных выбарах, дык абіралі б іх мясцовыя, вельмі часта мафіёзныя і карумпаваныя ўлады. Рэформа магла б прывесці да сітуацыі, што адна партыя здамінавала б Сенат, абрала б свайго прэзідэнта, Канстытуцыйны Суд і ўсе кантрольныя органы. Прыхільнікі галасавання на «не» даказвалі, што гэта просты шлях да дыктатуры. З прычыны няясных мэтаў рэферэндуму, галасаванне ператварылася ў вотум даверу ўраду Матэа Рэнцы. Італьянцы абвінавачваюць яго ў высокім беспрацоўі, банкаўскім крызісе і бездапаможнасці перад абліччам іміграцыйнага крызісу.

Не чакаючы афіцыйных вынікаў рэферэндуму, згодна з ранейшым абяцаннем, прэм’ер заявіў, што яшчэ сёння ён падасць у адстаўку. На практыцы гэта азначае паўгода хаосу, безуладдзя, авантураў вакол выбарчай сістэм і адтэрмінавання важных рэформаў. Пройгрыш Матэа Рэнцы можа азначаць праблемы ў зоне еўра і ў Еўразвязе. У выніку рэферэндуму адразу ўпаў курс еўра ў дачыненні да даляра.

Хто б не перамог на будучых выбарах, напэўна гэта будуць больш правыя, еўраскептычныя і антыімігранцкія сілы, у прыватнасці: «Паўночная Ліга», Forza Italia былога прэм’ера Сыльвіа Бэрлусконі і папулісцкі «Рух Пяці Зорак» на чале з сатырыкам Бэпэ Грыла. Гэтая партыя выступае за выхад Італіі з зоны еўра і меншую залежнасць ад Бруселя. Лідар «Лігі» Матэа Сальвіні заявіў, што гэта «перамога народу над вялікімі сіламі».

У адрозненне ад «Брэкзіту», дзе пытанне стаяла ясна: быць ці не быць у Еўразвязе, італьянцы галасавалі супраць ураду, але не вядома за што. Папулісцкія, антысістэмныя, правыя партыі заявілі пра свой недавер кіруючым элітам, але прагаласавалі за статус-кво, гэта значыць за тыя ж эліты. Больш таго, яны прагаласавалі за непазбежную змену выбарчага заканадаўства, якое ўжо не будзе фаварызаваць пераможцу. Значыць, «Рух Пяці Зорак» сам сабе перакрыў дарогу да ўлады. Адно, што ў выніку атрымалася, гэта поўная неразбярыха, хаос і радасць у Крамлі ад росту папулісцкіх, нацыяналістычных, еўраскептычных настрояў. Затое, калі ў самім Еўразвязе нехта радуецца ад крызісу адзінства, падчас калі толькі ў адзінстве сіла, дык па-мойму ён альбо самагубца, альбо проста — дурань.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ