Не прыляпляйцеся да крэслаў!



У Польшчы вядзецца ажыўлёная дэбата наконт абмежавання паўнамоцтваў прэзідэнтаў, бурмістраў і войтаў да двух тэрмінаў. Аднак праект выклікаў пратэсты з боку самых прадстаўнікоў мясцовых уладаў. Яны лічаць, што нярэдка дзесяці гадоў мала, каб давесці да канца сваю праграму, праекты і планы.

Ідэя скарачэння тэрмінаў знаходжання на розных пасадах не новая. Гэты пастулат, толькі два тэрміны, быў элементам выбарчай праграмы “Грамадзянскай Платформы“ у 2015 годзе. Ідэю падтрымала і партыя “Кукіз 15”. Не супраць двух тэрмінаў, у тым ліку і для дэпутатаў Сойму, была партыя “Новочэсна”. У “Саюзе Левых Сілаў” (SLD) таксама абмярокоўваўся такі варыянт. Толькі “Сялянская партыя” ( PSL) заўсёды была супраць такой ідэі, што толькі пацвярджае ацэнку гэтай партыі як асабліва ласай на пасады. Зараз змену выбарчай сістэмы, пачынаючы з мясцовых выбараў у 2018 годзе, прасоўвае лідар кіруючай партыі “Права і Справядлівасць” Яраслаў Качынскі. Ён прапануе, каб прэзідэнты буйных гарадоў, бурмістры і войты маглі б заставацца на сваіх пасадах толькі цягам двух тэрмінаў, хаця і падоўжаных з 4-х да 5-ці гадоў. “Гэта вельмі добрая ідэя.

„У фільме “Ранча” мы бачым да чаго прыводзіць доўгае знаходжанне пры ўладзе,”- заявіў у праграме “Адзін на адзін” віцэ-прэм’ер і міністр разьвіцця Матэуш Маравецкі. Па яго словах, пераважная большасць палякаў згодная з тым, што 16-20 гадоў на пасадзе – гэта зашмат. Гэтак доўга не пануюць нават некаторыя каралі. Маравецкі лічыць, што галоўная небяспека пажыццёвага кіравання палягае ў тым, што з часам ствараюцца мясцовыя хэўры. Прэзідэнты, бурмістры і войты акружаюцца сваімі людзьмі, і потым іх цяжка вытурыць з крэсла. У адказ на крытыку, што гэта недэмакратычны праект, Маравецкі нагадаў, што два тэрміны здаўна існуюць у Нямеччыне і там ніхто не лічыць гэтага недэмакратычным. Па яго словах, у Польшчы ёсць іншая праблема: абіраюцца тыя самыя людзі, тыя самыя твары, тыя самыя прозвішчы, якія шмат каму надакучылі. Паўсюль, і ў цэнтральных і мясцовых структурах, не хапае свежай крыві, новых людзей з новымі ідэямі і планамі.

Тымчасам медыі апублікавалі прыклады, калі адзін з войтаў займае сваю пасаду з 88-га году. Тыя, што доўга займаюць свае пасады лічаць, што такая была воля выбаршчыкаў. Маўляў, калі б я не спраўляўся – мяне не пераабралі б. Іншыя дадаюць: ну, добра, я зыйду пасля 10 гадоў, але мае памочнікі застануцца і з імі прыйдзецца працаваць майму пераемніку.

Прадстаўнік Сялянскай Партыі Ежы Бытнеўскі лічыць праект дурнотай. “Калі войт ці бурмістр быў добры цягам двух тэрмінаў, дык з улікам досведу цягам трэцяга тэрміну будзе нават лепшы”.

Прэзідэнт Лодзі Ганна Зданоўская з “Грамадзянскай Платформы”, якая кіруе з 2010 году, збіраецца балатавацца на трэці тэрмін. “Два тэрміны – гэта мала каб ажыццявіць амбітныя змены і праекты. Самі жыхары гораду павінны вырашаць, хто добры а хто дрэнны прэзідэнт,”- заявіла яна.

Затое яе папярэднік Ежы Крапіўніцкі прыхільнік толькі двух тэрмінаў. “Зашмат у нас прафесійных прэзідэнтаў, бурмістраў і войтаў. Амерыканцы абіралі б Рузвельта да самой смерці, аднак было вырашана раз і назаўсёды, што дапушчальныя толькі два тэрміны”.

У дадзеным выпадку ёсць моцныя аргуманты за і супраць. Я не ўпэўнены, што адны мацнейшыя за іншыя. Кожны кій мае два канцы. Усё ж, як мне падаецца, праект двух тэрмінаў варта ўдакладніць і пашырыць на іншыя выбарныя функцыі. А пачаць варта з сябе, гэта значыць з дэпутатаў і лідараў партыяў. Ёсць такія дэпутаты, які працуюць у Сойме з 80-х гадоў. Сабе і сваім сем’ям яны выдатна дапамаглі, толькі меней альбо зусім не дапамаглі – сваім выбаршчыкам. Няўжо ў іхных партыях няма іншых, маладзейшых людзей, якія  прынеслі б трохі навізны? Інакш кажучы, праект цікавы, але можа варта было б правесці ў гэтай справе нейкі рэферэндум ці апытанне, бо гэта – вельмі сур’ёзная справа.

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ