Тры гады „ Крым-наш”. І што з таго?



Сёння, спаўняецца тры гады з часу, як крымскія сепаратысты правялі рэферэндум пра адарванне паўвыспы ад Украіны і далучэнні яго да Расейскай Федэрацыі. Не будучы нікім прызнанымі акрамя Расеі і пажыўшы тры гады ў міжнароднай ізаляцыі, але пад расейскім сцягам, крымскія лідары засумавалі іншай формай дзяржаўнага ладу Расеі, за манархіяй.

За змену дзяржаўнага ладу Расейскай Федэрацыі выказаўся прэм’ер сепаратысцкага ўраду анексаванага Расеяй Крыму – Сяргей Аксёнаў. У інтэрв’ю для мясцовага “Першага крымскага” тэлеканалу ён заявіў, што зараз найлепшай формай кіравання ў Расеі была б манархія. Пра гэта ён заявіў напярэдадні трэцяй гадавіны незаконнага і сфальшаванага рэферэндуму ў выніку якога паўвыспа імгненна, на трэці дзень пасля галасавання, быў прыняты ў склад Расейскай Федэрацыі. Ад радасці і пачуцця гонару, расейцы ад Берасця да Уладзівастока ледзь не падурэлі. “Гістарычная справядлівасць, “Нарэшце павялічваем, а не губляем тэрыторыі”, “Хай жыве Пуцін”. Рэйтынг прэзідэнта, а дэ-факта расейскага цара ў грамадстве падскочыў да небывалых у свеце 90%.

Тры гады таму Сяргей Аксёнаў узначаліў сепаратысцкі рух, мэтай якога было вяртанне ў склад Расеі. Пасаду кіраўніка мясцовага ўраду ён атрымаў на псяджэнні Вярхоўнай Рады Аўтаномнай Крымскай Рэспублікі на якім былі прысутныя ўзбреныя расейскія спецназаўцы. Два тыдні пазней, таксама пад дуламі расейскіх аўтаматаў Аксёнаў хуценька арганізаваў рэферэндум. Тыя, што пайшлі на рэферэндум, галасавалі збольшага за далучэнне да Расеі, а колькі людзей прагаласавала супраць ці то пайшоўшы ці проста – не пайшоўшы на выбарчыя ўчасткі – нікога не цікавіла. Былі агучаныя патрэбныя лічбы і 18 сакавіка Дзярждума Расеі, за выключэннем аднаго дэпутата, прагаласавала за вяртанне Крыму ва ўлонне матушкі-Расеі. Маўляў, Крым заўсёды быў расейскі, хаця гэта няпраўда. Так, ён даўжэй належаў да царскай Расеі і Савецкага Саюза, чым да Украіны, але найдаўжэй там жылі крымскія татары. Карэнныя жыхары паўвыспы былі супраць вяртання ў Расею. Яны зведалі ад Расеі ўсё, што найгоршае. Напрыканцы вайны яны былі дэпартаваныя ўглыб Савецкага Саюза і толькі 30 гадоў таму пачалі вяртацца ў родныя мясціны. Цяпер ён зноў апынуўся пад панаваннем спрадвечнага ворага. Са справаздачаў праваабарончых арганізацый вынікае, што на Крыме рэзка абмяжоўваюцца грамадзянскія правы, свабода слова і сходаў. Рэпрэсіі, адвольныя арышты і таямнічыя знікненні закранулі ў першую чаргу няўрадавыя арганізацыі, незалежныя медыі і татарскую меншасць. Зрэшты, тры гады пасля таго злашчаснага далучэння да Расеі не толькі татары, але і большасць жыхароў Крыму заяўляюць пра сваё расчараванне, неапраўданыя спадзяванні, пра карупцыю і высокае беспрацоўе. Не прызнаны міжнароднай супольнасцю, ізаляваны Крым наведваюць толькі расейскія турысты. Расея ўтрымлівае са свайго бюджэту паўвыспу, аднак гэтай дапамогі не дастаткова. Там не хапае літаральна ўсяго: працы, электрычнасці і нават – пітной вады.

А што тычыцца манархіі, дык Аксёнаў дадумаўся да гэтага не першы. У жніўні 2014 года, ужо пасля далучэння Крыму да Расеі, за выбарную манархію выказаўся лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі-Уладзімір Жырыноўскі. Па яго словах, пры захаванні дэмакратыі “мы будзем паўзці” і падкрэсліў, што “каб не паўзці, а крочыць, трэба адыйсці ад дэмакратыі і перайсці да імперскай формы кіравання краінай”. Ён прапанаваў распусціць усе партыі, а народная эліта, 5-6 тысяч самых уплывовых і аўтарытэтных расейцаў павінны абраць цара. Ясна, што ён меў на ўвазе прэзідэнта Пуціна, аднак той зрабіў выгляд сціплага чалавека і не падтрымаў ініцыятву. Ён і без гэтага мае царскую ўладу. Напэўна і крымскі намеснік Аксёнаў не пасмеў падумаць пра іншага цара, акрамя Пуціна, але гэтае падхалімства нічога яму не дасць. Цар не дасць болей чым прэзідэнт. А пакуль жыхары Крыма маюць магчымасць пераканцца ў слушнасці беларускай прымаўкі: “Хочаш гора зажыць, ідзі маскалям служыць”.   

Кастусь Бандарук
Беларускае Радыё РАЦЫЯ