Білінгвізм па-беларуску



Білінгвізм па-беларуску – гэта калі ў паліклініцы хочаш запоўніць бланк на флюараграфію на роднай мове, а дазволена толькі па-расейску і па-ангельску. Білінгвізм па-беларуску – гэта калі на просьбу спыніць маршрутку на наступным прыпынку, кіроўца ачомваецца толькі пасля таго, як праедзе палову горада. Білінгвізм па-беларуску – гэта калі ў паўмільённым горадзе набіраецца толькі адна група ў дзіцячым садку. І хоць жадаючых шмат, улады ўсё адно замыльваюць працэс. Білінгвізм па-беларуску – гэта калі ў абласной бібліятэцы развешаныя абвесткі пра тое, што кожную сераду ў памяшканнях установы праводзіцца дзень роднай мовы, а на практыцы няма ніводнага бібліятэкара, здольнага звязаць два словы па-беларуску.

2017-ы год. У незалежнай чвэрць стагоддзя Беларусі дапрацоўваецца Закон “Аб правах спажыўцоў”. На афіцыйным сайце Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання выкладзена працоўная версія дакумента нібыта для грамадскага абмеркавання. Але ўжо цяпер вядома, што ў законе не будзе прапісана патрабавання, каб інфармацыя пра тавары ў Беларусі даводзілася на дзвюх дзяржаўных мовах – расейскай і беларускай. У законе пазначана, што выкарыстанне расейскай для тэкставага суправаджэння тавараў будзе абавязковай, а беларускай – паводле жадання. У нашым выпадку такая фармулёўка прадказальна скончыцца амаль поўным ігнараваннем беларускай мовы. Тут нават, як той казаў, да Вангі хадзіць не трэба. Айчынны вытворца, каб нікога не пакрыўдзіць, гатовы хутчэй на суахілі палову старонкі распісаць пра свой тавар, чымся два радкі пакінуць на роднай мове. Што цікава, тыя ж расейскія ці казахскія бізнесоўцы часцяком на сваіх прадуктах ці таварах знаходзяць магчымасць напісаць на мове тытульнай нацыі Беларусі. Нават кітайскія таварышы знаходзяць час на пераклады на беларускую мову. Але гэта не пра нашых вытворцаў, якія ў выпадку ўхвалення цяперашняй версіі Закона “Аб правах спажыўцоў”, будуць цалкам на законных падставах ігнараваць беларускамоўных кліентаў.

Распрацоўшчыкі закону кажуць пра тое, што гвалтам нельга дамагчыся ніякіх пазітыўных зменаў. Маўляў, калі абавязаць прадпрыемствы пісаць па-беларуску, гэта можа выклікаць адваротны эфект. Але ў гэтым звязку прыгадваецца чамусьці выказванне нашага класіка Янкі Брыля: “Каб беларусу загадалі быць беларусам, які б гэта быў выдатны беларус!”. Калі на дзяржаву ў справе беларусізацыі спадзявацца нельга, то давядзецца самім па кроплі мяняць сістэму.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ