Кнігалюбы з крымінальнымі схільнасцямі



Жыхары СССР любілі сябе называць без лішняй сціпласці самай чытаючай нацыяй у свеце. У якасці абгрунтавання гэтага міфа прыводзіліся дадзеныя пра астранамічныя наклады разнастайных часопісаў, кніг і газет разам узятых. Але замоўчвалася, як правіла, тое, што большая частка савецкай перыёдыкі і кніг не былі вартыя паперы, на якой яны друкаваліся. Затое за кнігамі Э.М. Рэмарка і Э. Хемінгуэя заўжды выстройваліся чэргі ў кнігарнях і без асаблівай рэкламы. Дэфіцыт нармальнай літаратуры спарадзіў у народаў СССР, у тым ліку і ў беларусаў, нездаровае імкненне да калекцыявання кніг. Нават тыя, хто ў жыцці не разгарнуў нічога разумнейшага за школьны буквар, беглі ў кнігарні набываць асобнікі для сваёй бібліятэкі, калі штосьці выстаўлялася на продаж. Літаратурная неразборлівасць савецкага чытача прыводзіла да кур’ёзаў, калі на адной палічцы маглі суседнічаць творы Льва Талстога з пралетарскім паэтам Дзям’янам Бедным, а кнігі таленавітага Анатоля Рыбакова з пуставатымі літаратурнымі эксперыментамі Аркадзя Гайдара.

Цяперашняя Беларусь не можа пахваліцца гіганцкімі накладамі энцыклапедый і разнастайных агіяграфій вялікіх людзей. Затое ў кнігарнях амаль не сустрэнеш выпадковых наведнікаў. Калі нехта заходзіць у кніжную краму, значыць чалавек матываваны.

А некаторыя чытачы ў Беларусі настолькі матываваныя, што гатовыя нават ахвяраваць сваёй свабодай дзеля кнігі. У вёсцы Наследнікі Дзяржынскага раёна адбылося злачынства стагоддзя. Два маладыя зладзеі сарвалі замок у кватэры аднаго з дамоў. Але выбар скрадзенага здзівіў не толькі ахвяраў, але і следчых. Абрабаваныя гаспадары дома не далічыліся 17 кніг. Прычым гаворка не ідзе пра рэдкія выданні Францыска Скарыны альбо Статута ВКЛ. Шкоду ацанілі ўсяго ў 150 беларускіх рублёў. Праз нейкі час няўдалых кнігалюбаў затрымалі. Цяпер ім пагражае пакаранне ў выглядзе папраўчых прац альбо турэмнага зняволення. Як жартуюць інтэрнаўты, затое ім будзе што пачытаць у бліжэйшыя пару гадоў.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ