Пра самы ўлюбёны помнік менчукоў



У менчукоў з’явілася ўлюбёная скульптурка. Помнік царскаму гарадавому, які ўрачыста адкрыў міністр унутраных справаў ля свайго ведамства, шчыра палюбілі гараджане. Прычым настолькі моцна, што за пару тыдняў з моманту ўсталявання помнік расейскаму жандару быў у эпіцэнтры некалькіх кур’ёзных сітуацый. Спачатку на шыю паліцыянту накінулі пятлю з вяроўкі. Потым выявілася, што перформанс ажыццявіў грамадскі актывіст Вячаслаў Касінераў. Сімвалізм акцыі і абставіны яе правядзення вельмі не спадабаліся міліцыянтам. Хлопца за даволі бяскрыўдны ўчынак у дачыненні да міліцэйскага арт-аб’екта аператыўна затрымалі і змясцілі ў ізалятар. Нягледзячы на тое, што помнік мае сумнеўную мастацкую вартасць, ужо не кажучы пра гістарычную адэкватнасць. Нагадаем, што гэты шэдэўр гарадской скульптуры быў усталяваны з нагоды 100-годдзя беларускай міліцыі. То бок, яшчэ нават БНР не было, пра БССР тактоўна памаўчым, але беларуская міліцыя, аказваецца, ва ўсю дзейнічала. І ў асобе чамусьці царскага гарадавога. Дзіўнаватая ідэалагічная мяшанка атрымалася. Гарадскім уладам варта было б прэмію выдаць актывісту, які звярнуў увагу грамадскасці на недарэчнасці дадзенай скульптуркі. Але яму чамусьці пагражае канкрэтны турэмны тэрмін. Такое адчуванне, што ад вяроўкі нейкая шкода была нанесеная металічнаму балвану.

Выпадак з пятлёй — не адзінае здарэнне, якое суправаджае помнік гарадавому ў Менску. Жыхары суседніх вуліц сцвярджаюць, што сталічныя сабакі чамусьці імкнуцца справіць малую патрэбу на гэтую скульптуру. Іх нібыта цягне на крымінал. І нічога з гэтым не паробіш. І колькі б не крыўдавалі ідэйныя натхняльнікі гарадавога, прыроду, як той казаў, не падманеш.

Штосьці падказвае, што лёс у гэтага помніка гарадавому будзе не вельмі зайздросны. Чымсьці ён нагадвае скульптуру Мураўёву-вешальніку ў Вільні. Кажуць, што „ўдзячныя” за падаўленне паўстання Каліноўскага віленчукі вымазвалі помнік Мураўёву ваўчыным лоем, што прыцягвала да яго зграі сабак з усіх ваколіцаў. А пасля падзення Расейскай імперыі гараджане ўвогуле хутка дэмантавалі помнік і зрабілі на ягоным месцы прыбіральню.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ