Сізіфава барацьба з алкаголем



Выбары прайшлі, адшумелі мітынгі недармаедаў — цяпер, значыцца, можна зноў забараняць піць. У Беларусі разглядаецца магчымасць абмежавання продажу алкаголю. Такую ініцыятыву прасоўвае гэтым разам Міністэрства аховы здароўя. Маўляў, суайчыннікі п’юць. І з гэтым трэба нешта рабіць. Хто б сумняваўся, што п’юць.

Паводле лічбаў Сусветнай арганізацыі здароўя, Беларусь — на другім месцы па спажыванні алкаголю ў свеце. У 2016 годзе на кожнага беларуса, у тым ліку на немаўлят, прыйшлося 15 літраў чыстага спірту. На першым месцы па выніках 2016 года — Літва з 16 літрамі чыстага спірту. З такімі дадзенымі не паспрачаешся. Аднак вельмі сумнеўна, што будуць прынятыя сапраўдныя меры супраць алкагалізацыі насельніцтва. На словах у нас вырашаюцца ўсе праблемы вельмі хутка, а на справе атрымліваецца, як з працаўладкаваннем усіх беспрацоўных да 1 траўня. Хто не знайшоў працу — вінаваты сам.

Памятаецца, як пару год таму міліцыя ініцыявала забарону продажу алкаголю ў начны час. Высокапастаўленыя афіцэры МУС часта выступалі ў СМІ з прамовамі пра тое, як важна абмежаваць продаж алкаголю і наколькі добра гэтыя меры паўплываюць на крымінагенную сітуацыю. Але наблізіліся прэзідэнцкія выбары — і ўсе гэтыя забароны чароўным чынам былі знятыя. А прадстаўнікі міліцыі раптам загаварылі, што абмежаванні на продаж алкаголю ноччу не прынеслі ніякага плёну і ўвогуле бессэнсоўная задума. Народ узрадваўся, пайшоў спачатку ў рэабілітаваныя начнікі, а потым на выбарчыя ўчасткі. Прайшоў нейкі час. І вось цяпер мы маем новы этап барацьбы з зялёным цмокам на дзяржаўным узроўні. Аднак нешта падказвае, што паўсухі закон у нас доўга не пратрымаецца. Бо чарговыя выбары будуць на носе. А якія ж выбарчыя буфеты без чаркі?

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ