Цуды рэальныя і ўяўныя



Надышла вясна, і ў нашых суседзяў заміраточыла. Прычым настолькі моцна, што не вытрымалі нават бронзавыя помнікі.

Знакаміты пракурор Крыма Наталля Паклонская-Няшмяш падчас аднаго з інтэрв’ю на расейскім тэлебачанні раптам перабіла вядоўцу і заявіла сенсацыйную навіну. Аказваецца, у Сімферопалі заміраточыў бюст апошняга расейскага цара Мікалая ІІ. І дадала, што да цудадзейнага бюста пачалі прыходзіць хворыя сімферопальцы, каб паправіць здароўе. Гэтая навіна парвала Інтэрнэт. Некаторыя пачалі развіваць думкі Паклонскай пра тое, што ў Маскве заміраточыў конь пад маршалам Жукавым. Альбо скульптура клоўна Юрыя Нікуліна. Але самым вялікім арыгіналам аказаўся мэр расейскага Светагорска, які заявіў, што эстафету цудадзейнасці ад бюста цара пераняў правадыр пралетарскай рэвалюцыі Уладзімір Ленін у Выбаргу. Расейскі чыноўнік распавёў, што калі ён праходзіў паўз плошчу, то заўважыў ледзь улоўныя змяненні рысаў твару Леніна. А калі ён падышоў да яго бліжэй, то заўважыў, што з вачэй Ільіча цякуць слёзы. Вядома, цякуць. Ад крымскіх навінаў не тое што заміраточыш – у скокі пусцішся. Як гэта яшчэ бронзавы Ільіч гапака на выбаргскай плошчы не станцаваў.

Заява якой-небудзь прыватнай асобы пра цудадзейны бюст цара наўрад ці б атрымала рэзананс у грамадстве. Хіба нейкая брыгада санітараў вельмі хутка пад’ехала б на ўсялякі выпадак да чалавека, які распаўсюджвае падобную інфармацыю. Але іншая справа, калі такое кажа экс-пракурор, якая адыграла адну з ключавых роляў у далучэнні Крыма да Расеі. А цяпер яна ўвогуле не абы-хто, а цэлы дэпутат Дзярждумы! Ігнараваць паведамленні ад такіх высокапастаўленых асобаў немагчыма. Таму прадстаўнікі РПЦ адправіліся на праверку, але, як і чакалася, ніякіх прыкметаў божага цуду не зафіксавалі. Напэўна, яны не такія вялікія вернікі, як пракурор Наталля Паклонская-Няш-Мяш.

Мікола Бянько
Беларускае Радыё РАЦЫЯ