“Нас вязуць на расстрэл!”



Беларускія гарады – іх вуліцы ды сцены дамоў захоўваюць памяць пра трагедыі, якія адбыліся даўно. Знікаюць сведкі тых падзеяў.  

Даследчык з Воршы Юры Копцік распавёў пра Веру Сямёнаўну Вайценку з Воршы, у якой арыштавалі мужа. Ноччу каля Аршанскай турмы яна бачыла бачыла, як людзей вывозілі на расстрэл: “Днямі сядзела ля Аршанскай турмы, так званай “шасцёркі”, цэлымі тыднямі, не адыходзячы. З турмы выходзілі вартаўнік, яе праганялі: “Ідзі адсюль!” Але яна ўсё адно сядзела. І нават начамі не адыходзіла ад турмы. І бачыла, як усё ноч брама то адчынялася, то зачынялася і выязджалі крытыя машыны. З машын людзі крычалі – выкрыквалі свае прозвішчы і таксама: “Нас вязуць на расстрэл!” Яна ўсё гэта чула. Машыны паварочвалі то ў бок Кабыляцкай гары, то ў бок Магілёўскай шашы. Два накірункі было, у якіх ноччу з турмы машыны везлі на расстрэл людзей. Перадачы ў яе спачатку бралі – яны прызналі, што яе муж сядзіць у турме. А пасля не сталі браць, праз два месяцы ёй сказалі: “Няма яго тут! Усё!”    

Падчас працы над кнігаю даследчык “Хронікі палітычнага тэрору. Крупскі рэгіён. 1918-2008”  Андрэй Аляхновіч сабраў унікальны матэрыял, у тым ліку – успамін Ірыны Ашкер пра тое, як яе маці бачыла выхад на расстрэл бацькі з брамы турмы ў Воршы. Гэта сапраўды рэдкае сведчанне, бо звычайна расстрэлы праходзілі таемна.     

 Распавядае Ірына Ашкер:

– Гэта было на досвітку, гадзін можа ў чатыры… яны пачыналі забіраць з канца вуліцы – у іх быў спіс, па якім яны бралі. У нас адразу забралі бацьку і дзеда. Наступнай раніцай маці паехала ў Воршу папярэдзіць брата Рыгора. А пасля ўвечары каля нас спынілася машына, выйшлі, прывіталіся сказалі: “Пройдзем! Мы вас арыштоўваем”.  Так арыштавалі Сафію – бабцю і цётку Надзю.  Бабы ў плач… Баба ўзяла сабе ікону – у рушнік укруціла. Яны яе спынілі: «Она вам не нужна, оставьте её дома». І праз некалькі дзён мама зноў паехала ў Воршу – даведацца, што з імі ўсімі. Сала ўзяла, хлеба, жанчынам вопратку. Адзенне для жанчын у турме забралі, а для мужчын – нічога не ўзялі. Мама ездзіла ў Воршу з малодшай сястрой… Яны былі ва ўнутраным двары Аршанскай турмы і убачылі, як сталі выводзіць людзей – адчынілі браму, салдат паставілі з двух бакоў і сталі выводзіць людзей… як з хлева, рукі назад… у шэрым, рабым, хто у якім – ішлі мужчыны, сагнуўшы галовы. І яны бачылі гэта ўсё – маці і цётка. Бацька маці толькі рукой махнуў: “Мяне не чакай, едзь дамоў!” Маці страціла прытомнасць і не памятае, хто яе прывёз дадому. А цётка кажа: “Я пачала плакаць. А іх ўсіх сталі садзіць у машыны. Адна машына падыходзіць, другая… І ўсе людзі стаялі і глядзелі. Моўчкі. Ніхто ніводнага слова не сказаў. А за спінамі ў іх стаяла ахова з вінтоўкамі”. Сястра прывезла маці дамоў…

 Гэта ўспаміны Ірыны Ашкер, 1934 г.н., дачкі Міхаіла Ашкера, 1906 г.н., – арыштаванага ў 1937 г. і расстралянага 10.11.1937 у Оршы. Разам з ім у гэтую ж ноч расстралялі яго бацьку, маці, брата і сястру. Яшчэ аднаго брата расстралялі ў 1938 годе ў Маскве.  

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ