Падпольная школа Беларушчыны



Менск 70-ых гадоў XX-га стагоддзя – узорнапаказальны савецкі горад –добраўпарадкаавы, чысты, шэры. Прамысловы цэнтр. Вяскоўцы, якія актыўна запаўняюць Менск, саромеюцца беларускй мовы, пазбаўляюцца ад беларускага акцэнту.

У Менску жыве шмат вайсковых адстаўнікоў з Расеі, якія актыўна уплываюць на культурную сітуацыю ў горадзе. У Менску пануе руская мова. І ў то й жа час ў самым цэнтры горада, на Плошчы Перамогі дзейнічае падпольная беларуская школа.

У 1970-ых гадах у Менску беларускімі мастакамі ды пісьменікамі была заснаваная падпольная школа, якая давала альтэрнатыўныя веды.

Пра гэта напісаў успаміны мастак Мікола Купава: “1976 годзе Беларускае Адраджэнне было далёкай марай. Нашыя дзеці хадзілі ў савецкія школы, разам з імі вучыліся і мы: імкнуліся перавучваць або давучваць іх у тых галінах ведаў, якія былі асабліва сфальшаваныя савецкай навукай, аўтарамі падручнікаў. Само сабой наспела пытанне аб стварэнні непадкантрольнай, нефармальнай школы (класу), дзе мы маглі б калектыўна вырашаць праблемы нацыянальнай адукацыі. Гэтыя функцыі магла выконваць толькі падпольная школа. Асновай яе стаў мой гурток выяўленчага мастацтва, які я вёў ад 1979 году. Вучнямі былі дзеці нашых сяброў: Каця Баразна, Віця Корзун, Андрэй Тумаш, Аксана Содаль, Зміцер Маркавец, Іра Купава, Кастусь Санька. Я з дзецьмі займаўся выяўленчым мастацтвам, гісторыяй культуры, мастацтва, гісторыяй. Генадзь Тумаш вёў беларускую мову, культуру мовы, гісторыю. Асобныя тэмы, якія былі важныя ў сістэме нацыянальнай адукацыі, выкладалі іншыя сябры нашага класу. У 1979-80 гадах я са сваім гуртком месціўся ў невялічкай майстэрні на плошчы Перамогі, а да 1982 году ў інтэрнаце заводу «Інтэграл». Важнае месца ў нашай працы займалі вандроўкі па Беларусі. Мы наведалі выдатнага народнага майстра Палінара Пупку. Палінар Фларыянавіч дэманстраваў свае новыя творы і тыя, якія ўжо даўно былі ўсталяваныя на ягоным падворку, шмат апавядаў. Івянецкія помнікі архітэктуры – баракальны і новагатычны касьцёлы – стваралі адпаведны эмацыйны настрой нашага падарожжа. Вязынка, Акінчыцы, Мір, Крэва, Гальшаны, Вільня – няпоўны пералік цудоўных мясцінаў нашай Бацькаўшчыны, якім мы аддавалі свае сэрцы і ўражлівую памяць юных падарожнікаў.  Мы далучалі дзяцей да ўсіх нашых беларускіх спраў ды імпрэзаў на ніве культуры, мастацтва. Так, у 1980 годзе мы ўрачыста адзначылі 80 гадовы юбілей вялі­кага беларускага сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага. У вечарыне прынялі ўдзел мастакі, пісьменьнікі, навукоўцы, журналісты. У навуковай акадэміі выступалі даследчыкі, біёграфы, артысты, навукоўцы, гучалі песьні ў выкананьні песьняра, былі разгорнутыя дакументальная і мастацкая выставы. Факт святкавання стаў вядомы і Міхасю Іванавічу. Гэта прыдало яму неабходнай энергіі ды радасці. А мы раптам заўважылі, што ўсё нашае жыццё праходзіла ў падпольлі. Да 1991 году было яшчэ далёка…” (Мікола Купава. Слава Праз стагоддзі. Зацемкі пра далёкае і блізкае. Дзеяслоў 12/24/2013)

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ