Вандроўкі з БССР у Беларусь



У 80-ыя гады XX-га стагоддзя маладыя ўдзельнікі беларускага нацыянальнага руху шукалі „Беларусь ў Беларусі”. Шукалі ідэальную, Беларусь, якая існавала паралельна штодзённай рэальнасці.

Гарадская моладзь выпраўлялася ў вандроўкі, называлася гэта „ехаць у Беларусь”. Гэта мог быць адзін дзень на выходныя, але ў такое месца, дзе ёсць помнікі архітэктуры, дзе іншае жыццё,  дзе на вуліцы можна пачуць беларускае слова, дзе не быў ніколі.    

Вандроўкі таксама маглі быць тэматычнымі, яны рыхтаваліся загадзя. Напрыклад, для падрыхтоўкі летняга падарожжа па мясцінах паўстанні 1863 года, узімку ў Вільню накіроўваліся людзі (так ездзлі мы з сяброўкай – Наталляй Кленіцкай) у Акадэмічную бібліятэку, каб скласці карту, дзе адбываліся баі паўстанцаў Каліноўскага з расейскімі войскамі. Пра вандроўку ў Вільню ў 1987 годзе распавяду асобна – іншым разам…  

Вандроўкі далучалі да беларускага  руху новых людзей, выклікалі новыя эмоцыі. Пра гэта сведчыць запіс у дзённіку вандровак за 1988 год лідара «Талакі» Сяргея Вітушкі:

“Адзін хлопец, Мікола, запрасіў нас у сваю вёску Вераб’ёвічы пад Наваградкам. Мы там у ягонай хаце начавалі. Пасля ён дырэктарам музею Адама Міцкевіча працаваў. У гэтай вандроўцы я не быў арганізатарам – арганізатарамі былі Зміцер Яцкевіч, Алег Дзярновіч. Я быў адным з удзельнікаў, і мог крыху расслабіцца. Тады ў дзённіку я зрабіў запіс: “Увечары дабраліся да Усялюба, паклалі заплечнікі… Пачынала цямнець, таму ўсе спяшаліся. А я адбіўся… Касцёл проста цуд. Па вінтавой лесвіцы падняўся на вежу. Зірнуў у байніцу, уявіў сябе ваяром з лукам – як затахкала сэрца! Падумаў, што цяпер, дзякуючы прачытатаным кнігам Караткевіча, успрымаеш гэтыя старажытныя муры ўсебаковым пачуццём – пераносішся ў сівыя, далёкія стагоддзі. Але адчуваеш гэта не як фантазіі, а як суровую рэальнасць. І я прыціснуўся да сцяны, лашчыў яе, як каханую дзяўчыну і кляўся, кляўся, што жыццё аддам, але зраблю так, каб вярнуць былую веліч”. Гэта было шчырае парыванне. Гэта ж запісвалася адразу ў маленькім блакноціку”.

Першапачаткова беларускія суполкі дэкларавалі культурна-асветніцкія і творчыя задачы. Але палітызацыя «суполак» была непазбежная ва ўмовах дыскрымінацыі беларускай мовы мовы і культуры.

 

Паліна Сцепаненка
Беларускае Радыё РАЦЫЯ