Каб ніхто не дзяўбаўся!



2016-ы год быў цяжкім для Беларусі і для яе насельнікаў. Кажуць, што высакосныя гады ўсе такія, надзвычай напружаныя і стратныя. Іншыя ж кажуць, што зараз лёгкіх гадоў не будзе зусім, такі свет, што ўсё пагаршаецца, марнее, валіцца і дэградуе. Жыццё цяпер складаецца з чорных і белых палосаў. Чорная паласа – гэта калі ўсё кепска, а белая – калі няма нічога добрага. Прыродзе чалавека, аднак, уласціва рыхтавацца да горшага, але верыць у лепшае. Новы год – новыя надзеі, планы і разлікі.

Адышоўшы год мала парадаваў нас у грамадска-палітычным плане. Зноў чарговыя фальшывыя выбары, зноў абяцанкі-цацанкі заробку 500 даляраў для насельніцтва, зноў велізарныя штрафы грамадскім актывістам за нацыянальную сімволіку і памяць, зноў няўхільнае падвышэнне коштаў літаральна на ўсё. Зноў у абвешчаны “год культуры” з боку дзяржавы было мінімум беларускай культуры і беларускай мовы. Хоць нейкі маленькі пазітыўны зрух у гэтым кірунку ўсё ж адзначым. “Парадавала” дзяржава РБ сваіх грамадзян пад Новы год і “лістамі шчасця” пра нібыта дармаедства ад падатковай інспекцыі. Асабліва старанна вылічвалі тых, хто фактычна жыве і працуе, альбо вучыцца за мяжой. Разлік тут просты – гэтых людзей заўсёды можна ўзяць на кантроль і прымусіць заплаціць абсурдны падатак проста на мяжы, дзе фіксуецца кожны пераезд. А тое, што гэтая дзяржава не можа даць сваім грамадзянам годнай працы і належнага заробку, яе не хвалюе. Прасцей запісаць тысячы людзей маладога і сярэдняга веку ў “дармаеды”. А якія ж яны дармаеды?! Мала таго, што яны забяспечваюць сябе, дык яшчэ ж прывозяць валюту розных краін у Беларусь, тым самым падтрымліваючы эканоміку краіны, часта утрымліваюць бацькоў, іншых сваякоў. Не забыліся пільныя інспектары і жанчын – маці, якія афіцыйна не працуюць, а знаходзяцца дома і даглядаюць сваіх дзяцей, пакуль мужы разрываюцца на некалькіх працах, альбо выязджаюць на заробкі за мяжу. Нават за савецкім часам быў такі панятак як “хатняя гаспадыня”, цяперашнія дзяржаўныя “разумнікі” і гэтую катэгорыю запісалі ў дармаеды. Проста ганьба і сорам за такую дзяржаву, хай яна лепш скароціць процьму сваіх ідэолагаў – вось дзе сапраўдныя гультаі, няўмекі, нахлебнікі і дармаеды! Галоўны ж вынік году для звычайных грамадзян – збядненне і нейкае асаблівае азлабленне. Перад Новым годам у натоўпах і чэргах вясёлых твараў можна было пабачыць вельмі мала.

Дзякуй Богу ў 2016-ым годзе сапраўдная вайна наўпрост усё ж не закранула Беларусь. Але гібрыдная вайна і экспансія з боку ўсходняга суседа ідзе цэлы час. І ніхто ня можа даць гарантый, што гэтая агрэсія не павялічыцца і беларускіх грамадзян не ўцягнуць у маскоўскія вайсковыя авантуры. Перафразуючы рок-класіка: “І як прадказана святымі, усё вісіць на валаску. І я гляджу з вялікім жахам на сучасную Маскву”. Сама ж вялікай пагрозай для беларусаў застаецца расейская АЭС, якую надалей будуюць на нашай Астравеччыне. Ужо двойчы ляснуўся гэты агромністы рэактар – больш чым злавесны знак. Знак таго, што гэтая атамная станцыя можа прынесці Беларусі толькі бяду.

Паводле усходняй астралогіі 2017-ы – год нібыта вогненнага пеўня. Сімвал нейкі зусім змрочны. Для Еўропы хіба асабліва. Мінулы год быў азмрочаны шэрагам тэрарыстычных актаў у Старым свеце, арганізаваных ісламскімі фанатыкамі, можна без сумневаў лічыць гэта тэндэнцыяй. Вось ужо і новы год пачаўся тэрактам у турэцкім Стамбуле. У Брытаніі заявілі пра магчымасць тэракту нават з прымяненнем хімічнай зброі. Зло ў гэтым свеце надзвычай разнастайнае, моцнае і вынаходлівае. Змагацца з ім вельмі цяжка. Пра гэта павінны думаць дзяржаўныя і міжнацыянальныя структуры. А звычайнаму чалавеку найлепшы спосаб змагання са злом – гэта рабіць дабро. Сваім родным, блізкім, суседзям, знаёмым і зусім незнаёмым людзям. І шчыра жадаю ўсім чытачам, каб у 2017-ым вас не дзяўбалі ні пеўні, ні арлы, ніякія драпежнікі!

З Новым годам і Калядамі!

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ