Міліцыя сцеражэ



Са школьных гадоў радкамі з Маякоўскага нам убівалі ў голаў павагу і піітэт перад людзьмі ў пагонах: “Розовые лица. Револьвер жёлт. Моя милиция меня бережёт”. Вобраз падмацоўваўся іншымі, ужо дзіцячымі вершамі шматразовага аўтара гімна Савецкага саюзу пра добрага велікана – міліцыянта дзядзю Сцёпу. На тэму сачынення “Кім ты хочаш стаць?” міліцыянты стаялі ці не на трэцім месцы – услед за касманаўтамі і будаўнікамі светлай будучыні. З жыццёвым вопытам, аднак, гэты ружовы кніжны і экранны вобраз чалавека з кабурой у блакітнай кашулі і фуражцы неяк размываўся, пакуль не набыў зусім адваротны сэнс.

Далёка не кожнай статыстыцы можна верыць, але вось днямі з’явіліся ў сеціве яскравыя лічбы. Дакладная колькасць супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў у Рэспубліцы Беларусь чамусьці трымаецца ў сакрэце, ёсць ледзь не службовай таямніцай. А вось паводле дадзеных ААН на кожныя 100 тысяч насельніцтва Беларусі прыпадае ажно 1442 супрацоўніка МУС. Для параўнання ў Савецкім саюзе гэтая лічба складала ўсяго 214. Тая ж ААН рэкамендуе сярэднюю лічбу 222. Высновы можа зрабіць кожны сам. Для яскравага параўнання можна толькі дадаць, што на другім месцы ў гэтым малапачэсным рэйтынгу ідзе Расея – 976 паліцэйскіх на сто тысяч насельніцтва. У развітых краінах гэты паказнік наступны: Італія – 552, Чэхія – 405, Францыя – 369, Польшча – 264, ЗША – 233, найменшы ён у Швецыі – 200 паліцэйскіх. І гэта пры тым, што ровень той жа тэрарыстычнай пагрозы ў бальшыні пералічаных краін куды вышэйшы, чым у Беларусі.

Для чаго патрэбная такая вялізная колькасць “драўляных салдатаў Урфін Джуса” яскрава паказалі падзеі гэтай вясны. Пасля канца 2010 году, калі жорстка была разагнаная і задушаная Плошча народнага пратэсту, ахоўнікам парадку неяк стараліся надаць станоўчы імідж, нават вучылі іх ангельскай мове да чэмпіянату свету па хакеі. Але сапраўднае аблічча сілавікоў зноў выявілася “ва ўсёй красе”. “Салдаты не для ўпрыгожвання прыроды, а для застрашвання народа” – як казаў герой адной старой анімацыйнай стужкі. Асабліва гэта датычыць сталічнай менскай міліцыі. Калі ў правінцыі людзі ў форме альбо без яе (як яны часта ходзяць) яшчэ неяк стрымліваюць свой імпэт, то ў Менску жорсткія затрыманні, збіванні, здзекі з людзей сталі нормай. Хапаюць, б’юць і старых і малых, якія трапляюць пад зачыстку мірных пратэстаў грамадзян. Зразумела, што ўсё гэта паводле загадаў вышэйшага начальства. Пры тым яно – міліцэйскае і пракурорскае начальства не бачыць ніякіх парушэнняў і цынічна сцвярджае, што міліцыя дзеіла карэктна і нічога не парушала. Тое, што людзі зафіксавалі збіванні і на фота і на відэа, і нават дакументальна медыцынска шматлікія траўмы – толькі для гісторыі. Цяперашні ж генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў, што ўсё было ў рамках закону, а караць трэба мас-медыі, якія неаб’ектыўна падаюць інфармацыю. А вось сучасны помнік расейскаму гарадавому для начальніка менскай міліцыі Аляксандра Барсукова – “святое месца”, як ён сказаў у інтэрв’ю. За перфоманс, які здзейсніў малады чалавек, накінуўшы пятлю на гэтую скульптуру, пачата крымінальная справа. Вось так.

Днямі адзін з аўтарытэтных нямецкіх тэлеканалаў назваў Беларусь “паліцэйскай дзяржавай”, падмацаваўшы гэты тэзіс дастаткова пераканаўчым сюжэтам на дзесяць хвілін. Сумневаў у найперш рэпрэсіўным прызначэнні беларускай міліцыі няма ніякіх ні для каго.

І вось, што характэрна – на мітынгах грамадзян ужо не пачуеш ранейшага пацыфісцкага лозунгу “Міліцыя з народам!”. Міліцыя і іншыя сілавыя структуры канчаткова страцілі давер у людзей. Цяпер, нават калі чалавек трапляе ў нейкую непрыемную бытавую гісторыю, ён сто разоў падумае – ці звяртацца яму ў органы аховы правапарадку. Ці не даражэй яму абыдзецца такі зварот? Да такіх думак штурхае ўвесь папярэдні асабісты і іншых досвед зносінаў са стражамі парадку. Настолькі адмоўная зараз рэпутацыя органаў, пакліканых паводле сутнасці быць праваахоўчымі.

Уладзімір Хільмановіч

Уладзімір Хільмановіч
Беларускае Радыё РАЦЫЯ