Беларуская чаша



Гародня даўно не бачыла такіх масавых вулічных пратэстаў як зараз. Зрэшты, як і ўся Беларусь. Славуты Дэкрэт №3 стаў не толькі сімвалам абсурду і поўнага неразумення ўладай як жывуць, ці, дакладней сказаць, выжываюць беларусы, але і апошняй кропляй цярпення, якая ўжо перапоўніла чашу. Праўда, толькі з аднаго боку. Беларуская чаша цярпення мае няроўныя краі. Такое яе візуальнае ўяўленне. Гэта яе ўнікальнасць і адрозненне ад іншых. То з аднаго боку перапоўніцца, то з другога. А так каб праз усе краі разам – то яшчэ не.

Улада гэта зразумела першай і доўгія гады паспяхова выкарыстоўвала няроўнасці краёў беларускай чашы цярпення. То падымуць угору той бок з якога ўжо папёрла, то аддзьмухаюць сілай ад нізкага краю віно адчаю. І доўгі час такія маніпуляцыі у іх паспяхова атрымліваліся.

Ды і на гэты раз нічога новага ўлада не прыдумала і прыдумваць не хацела. А навошта, калі ёсць даўно апрабаваныя спосабы?

Напачатку хацелі прыпадняць той нізкі бок, з якога палілося. Замарозілі дзеянне самага вядомага ў свеце дэкрэта ажно да канца году. Гэта ж трэба, замарозіць дзеянне ўжо дзеючага дэкрэта нібыта дзеля дапрацоўкі і больш дакладнага вывучэння. Маўляў, улада думае пра ўсіх, і пра дармаедаў таксама, хоць і было заяўлена, што дармаед усё ж не зусім сацыяльна правільная з’ява.

Зрэшты, такія заявы не новыя. Ад гэтай улады мы чулі, што і прадпрымальнік нешта чужароднае, падобнае на жуліка, якое паразітуе на здаровым целе нашай цуда-эканомікі. Ну вось, дзякуючы такой палітыцы, паспяховыя прадпрымальнікі хутка ператварыліся ў нібыта “дармаедаў”, якія па старой прадпрымальніцкай памяці, каб не адвыклі, павінны плаціць падаткі. Але не атрымалася. У “дармаедаў”, нечакана для ўлады, аказалася што ёсць гонар і чалавечая годнасць.

У такой сітуацыі ў ход пайшоў даўно правераны другі варыянт, які называецца сілавы метад. Перапоўненую чашу вырашылі накрыць цяжкай крышкай і з усяе сілы душыць ёй уніз. Балазе, для гэтага ёсць усе неабходныя прыстасаванні і добра падрыхтаваныя выканаўцы. І панеслася.

Сотні затрыманых па ўсёй тэрыторыі краіны. Пратаколы, суды, штрафы, арышты, прыходы спецслужбоўцаў на працу да тых, у каго яна пакуль што ёсць, каб задэкляраваць, што яе можа і не быць. Ну а тых, у каго ўжо няма ні працы, ні заробкаў, таксама ёсць чым папалохаць. Звычайным страхам. Метадаў і сродкаў сілавога ціску на незадаволеных жыццём дастаткова. Хоць выглядае гэта не толькі абсурдна, але нават смешна. Як бы тыя людзі, якія маюць працу і някепскі заробак праследуюць і палохаюць тых, хто гэтага заробку не мае. І праследуюць для таго, каб яны далі ім грошы і ні ў якім разе не выказвалі свайго незадавальнення.

Зрэшты, падобны сцэнар прагназаваўся вельмі лёгка. Падобныя рэжымы як у Беларусі не любяць абцяжарваць сябе нейкімі новымі вынаходніцтвамі. Заўсёды ёсць стары правераны метад. Таму ад улады ніхто і не чакаў нічога іншага. Яна, улада, нават не разумее прычынаў такога масавага абурэння. Людзі, якія так доўга знаходзяцца пры ўладзе, натуральна не могуць ведаць пра праблемы грамадства. Менавіта дзеля гэтага ў дэмакратычных краінах і ўстанаўліваюцца максімальныя тэрміны, пасля якіх і балатавацца нельга. Бо чалавек, які дзесяцігоддзямі не ходзіць па вуліцах, не наведвае кінатэатраў, не завітвае ў госці да знаёмых, не заходзіць у краму, каб купіць хлеб, малако і гарэлку, не можа ўявіць, што на ўсе гэтыя дробныя радасці трэба цяжка працаваць. Таму і бачым мы ў многіх высокапастаўленых чыноўнікаў шчырае здзіўленне, што беларусы абурыліся з-за нейкай дробязі. Падумаеш, нейкіх пару няшчасных сотняў даляраў з рыла! Што гэта за грошы такія, што з-за іх такі шухер паднялі.

Памятаю, як яны не маглі зразумець, чаму абурыліся украінцы як у Януковіча знайшлі залаты батон. Маўляў, ну не падабаецца вам батон, будзем рабіць з свайго золата пончыкі ці пліты ў выглядзе сала. Ну што вы да батона прычапіліся!? Прадукт як прадукт!

І пра чашу цярпення яны таксама нічога не разумеюць. Прынамсі пра тое, што як душыць на яе крышкай уніз, то яна можа трэснуць з усіх бакоў.

Віктар Сазонаў

  

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ