Беларуская нафта



Свет купаецца ў нафце. Яе так шмат, што ўрады многіх краінаў, што ёй гандлююць, ідуць на розныя непрыстойныя рэчы, абы нашкодзіць канкурэнтам. Ну калі хапае розуму ўцяміць, што гэты шлях рана ці позна прыводзіць да гэтакіх жа мераў у адказ, то яны тады сядаюць за круглы стол, і пачынаюць дамаўляцца пра зніжэнне здабычы “чорнага золата”. Каб кошты крыху папаўзлі ўверх, каб рынак падзяліць, і яшчэ пра розныя рэчы дамаўляюцца, ад геаграфіі пракладкі нафтаправодаў да гандлю новымі тэхналогіямі нафтаздабычы.

Стол перамоваў то можа быць і квадратны. Не абавязкова круглы. Справа не ў стале. Значна горш, калі ў некаторых квадратныя галовы. І яны пачынаюць нафту лічыць адзінай крыніцай прыбытку. Бо садзіць яе не трэба як бульбу, і даглядаць не трэба як буракі, і захоўваць не трэба, як збожжа, і выхоўваць, як спецыялістаў, а толькі выкачваць з зямлі, як нечыстоты з памыйнай ямы, і прадаваць тым, у каго нафты няма, а грошы ёсць.

Пры гэтым наяўнасць тых грашэй не заўсёды залежыць ад таго, ці ёсць свая нафта, ці не. Вось, скажам, у ЗША ёсць і нафта, і грошы. А ў Расеі нібыта і нафта ёсць, і ў дадатак і газ, і лес, і яшчэ мноства розных карысных рэчаў, якія не трэба ні садзіць, ні даглядаць, ні захоўваць, ні выхоўваць, а грошай, калі верыць выказванням іх прэм’ера, няма.

Ці вось параўнаць Нямеччыну і Беларусь. Вялікай нафты няма ні ў каго, але грошы з гэтых двух суб’ектаў ёсць толькі ў немцаў. І тут звычайная чалавечая логіка падказвае, што беларускай уладзе варта было б прааналізаваць, калі галовы не квадратныя, а правільнай формы, чаму ў немцаў ёсць тыя грошы, а ў нас няма, і пастарацца хоць у нечым паўтарыць іх эканамічны шлях. Але беларускі ўрад разважае чамусьці па іншаму. Можа па ранейшаму працягваюцца пошукі сваёй унікальнай эканамічнай мадэлі з дадатковым эксперыментам непасрэдна над цярпеннем і вынослівасцю беларускага народу, а можа яны яшчэ не ведаюць, што кола ўжо вынайдзена, і спадзяюцца стаць першаадкрывальнікамі.

І трэба аддаць ім належнае, гэта ў іх атрымліваецца. Ну з колам то не. Яго ўжо прыдумалі, як гэта вядома пераважнай большасці людзей. Ды і канструкцыя там занадта складаная для вынаходлівасці нашага ўраду. Але збіраць падатак за тое, што ты не маеш даходу, яны прыдумалі першыя. Так званы падатак на дармаедства. І гэта факт. Ну а факт, як казаў герой аднаго класічнага твору, самая ўпартая на свеце рэч.

Не ведаю ці спадзяюцца яны на Нобеля, але на нейкія свае ўнутрыміністэрскія прэміяльныя за такую мудрагелістую прыдумку хіба што разлічваюць. Гэта ж трэба, ніхто на свеце да такога не дадумаўся, а нашы нарэшце аказаліся наперадзе планеты ўсёй.

Бо гэты падатак асабліва цынічны. Ён разбурае асновы жыцця беларусаў, калі галоўным для чалавека заўсёды была сям’я. І сям’я вырашала сама, хто выхоўвае дзяцей, хто ходзіць на працу, хто мае іншыя абавязкі. Зараз гэта вырашана за іх. У сем’ях сваркі, абвінавачванні, разрывы…

А зусім нядаўна інтэрнэт узарваўся ад паведамлення, што ўжо дайшло і да суіцыду. І хоць следчы камітэт абвяргае гэтую версію, гэта ўжо не важна. Важна, што свядомасць людзей стала гэта дапускаць…

А дэкрэт пра падатак працягвае сваё пераможнае шэсце па Беларусі. Вось ужо тысячы беспрацоўных грамадзянаў атрымалі лісты з патрабаваннем яго аплаціць. Яны бегаюць, спрачаюцца, пішуць, пытаюцца за што і чаму, і з якіх прыбыткаў? Яны стараюцца зразумець сутнасць гэтага дэкрэту. Але не могуць.

А сапраўды. Цікава было б прасачыць увесь ланцужок разважанняў тых, хто яго прыдумваў. І мне здаецца, што ўсё пачалося з той самай нафты, якую не трэба ні садзіць, ні даглядаць… А толькі браць, ды качаць, качаць і качаць з яе грошы.

Толькі вось бяда, сваёй нафты ў Беларусі кот наплакаў. Ну а чым замяніць нафту? Ну ясна чым! Ці больш дакладна сказаць кім. Тымі, чым замяняецца і ўсё астатняе. Беларускімі грамадзянамі. Вось адзіная свідравіна, адкуль можна качаць грошы. Вось яна якая, беларуская нафта.

А мы ўсё думалі, калі гэта ў Беларусі нафту знойдуць. А яе, аказваецца, ужо знайшлі. Цікава, ці на доўга яе хопіць.

Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ