Ні Добры дзень, ні з Новым годам…



Як гаварылі вядомыя палкаводцы, вынік боя залежыць не столькі ад якасці зброі і колькасці жаўнераў, колькі ад баявога духу тых, хто выйдзе на поле бітвы. Думаю што гэты баявы дух, або проста чалавечы настрой, уплывае на сітуацыю не толькі ў ваенных умовах, але і ў паўсядзённым, мірным, ці адносна мірным жыцці.

Калі людзі вясёлыя, жыццярадасныя, упэўненыя ў будучыні, то і ўладзе ўтульна ў сваіх крэслах. Баяцца няма чаго. Ну а калі наадварот, то хіба прычыны для неспакою ўсё ж ёсць. Прынамсі зараз самы час пра гэта падумаць. Бо больш прыгнечанага настрою перад святкаваннем Новага году, які я назіраў зараз, я яшчэ не бачыў за ўсё сваё жыццё.

Новы год для жыхароў постсавецкіх краін – свята асаблівае. Адно з галоўных, якое ў нас, у Беларусі неадрыўна звязанае з Калядамі. Новы год акурат прыпадае паміж каталіцкімі і праваслаўнымі Калядамі і шанаваўся прадстаўнікамі ўсіх канфесій, і нават грамадзянамі далёкімі ад рэлігіі. Людзі заўсёды рыхтаваліся да яго заранёў і святочны настрой адчуваўся ўжо за месяц. Ну а перад самым Новым годам нават віталіся словамі: “З Новым годам!!!”. А ў адказ чулі: “З новым шчасцем!”.

Што гэта за новае шчасце ніхто асабліва не ведаў, але сэнс не ў гэтым. Людзі проста хацелі верыць у лепшае, і многія нават верылі. І сваёй радасцю і добразычлівасцю спяшаліся падзяліцца з іншымі. У крамах, на вуліцы, у пад’ездах, на святочных мерапрыемствах, на працоўным месцы, паўсюдна гучалі віншаванні ўсім, каму можна, і усе ва ўсіх пыталіся, дзе і як яны будуць сустракаць Новы год.

Яшчэ зусім нядаўна ў Беларусі так і было. Праўда, я ўжо даўно стаў заўважаць, што з кожным годам гэтага святочнага настрою паўбаўлялася, нягледзячы на ўсё большыя выдаткі з бюджэту на святочныя мерапрыемствы, салюты, афармленне гораду і гірлянды на ёлках.

Ну але так, як гэтым годам, мне, здаецца, не было ніколі. Хмурыя стомленыя людзі па старой звычцы але зусім без энтузіязму куплялі прадукты і шампанскае і з патухшымі позіркамі нервова сунуліся дахаты. Там іх чакаў тэлевізар, які з усіх сілаў стараўся пераканаць сваіх гледачоў, што ў іх усё добра. Але яму больш ужо ніхто не верыць.

Ну што б там не расказваў тэлевядучы афіцыйнага тэлеканала, кожны беларус ведае, колькі ён у гэтым годзе дастаў з адкладзенага на чорны дзень, і колькі ён туды паклаў. І таму можа сам прагназаваць, прыблізіўся гэты чорны дзень для яго, ці аддаліўся.

Ну а многія атрымалі і навагоднія віншаванні ў выглядзе патрабаванняў аплаціць падатак на дармаедства. Тады, калі гэты падатак прыдумвалі дзядзькі з добрымі заробкамі, то хлопцам што не мелі ні заробку, ні працы здавалася, што да ўвядзенне гэтага падатку нешта яшчэ зменіцца, сітуацыя неяк паправіцца, нейкая праца знойдзецца, чорная паласа скончыцца, улада адумаецца… Але больш такіх надзеяў няма. Не змянілася, не паправілася, не знайшлася, не скончылася, не адумалася…

Якраз усё наадварот. На радзіме работу знайсці ўсё цяжэй, згубіць усё прасцей, за мяжу патрапіць усё больш немагчыма, раскруціць нейкі свой, хоць які-небудзь дробны бізнес, прыроўніваецца да фантастыкі, а спадзяванні на родную дзяржаву сталі адзінай рэччу, якая выклікае смех.

Застаецца толькі выйграць у латарэю, але ўжо на латарэю сродкаў бракуе.

Зрэшты пра дзяржаву. Тут прапагандысты нашай усходняй суседкі засыпалі сеціва паведамленнямі пра тое, што нібыта вядомы астролаг Павел Глоба нібыта прадказаў, што нібыта Беларусь і Казахстан у наступным годзе нібыта папросяцца ў склад Расеі…

Мае да гэтага дачыненне той Глоба ці не, але сутнасць такіх інфармацыйных укідаў зразумелая. Падрыхтаваць глебу да анексіі. І дзяржава нават не паспрабавала хоць голасам дзесятага тэлепрапагандыста заверыць сваіх грамадзянаў перад Новым годам, што яна гэтага не дапусціць…

Ну адкуль таму навагодняму настрою ўзяцца? Вось і ідзе сумны чалавек па горадзе з святочным афармленнем, з прыгожымі ёлкамі і бліскучымі ліхтарамі і ні “Добры дзень!” ад яго не чуеш, ні “з Новым годам!”.

Хутчэй бы ён скончыўся, той Новы год, думае сабе чалавек.

Ну а ўладзе трэба добра задумацца пра яго настрой. Бо ён, настрой, як казалі вялікія палкаводцы мінулага, усё і вырашае.

Віктар Сазонаў

 

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ