Развагі ў залі суда



Заходжу ў будынак суда. У залі Вадзім Саранчукоў. Ён толькі што адсядзеў 13 сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Новы пратакол на яго склалі пакуль ён быў у камеры. Вадзім не разумее за што. Але калі ёсць пратакол, то будзе і прысуд.

Побач Ежы Грыгенча, таксама нядаўна адсядзеў за тое ж самае. І пакуль ён сядзеў, яго паспелі звазіць на суд і “упаяць” яшчэ адно пакаранне. І Сяргей Верамеенка тут. Дзень назад ён склаў скаргу, што яго выкралі ў той час, як ён, адбыўшы тэрмін свайго пакарання, мусіў выйсці на волю. Выйсці належным чынам не ўдалося. Сяргей кажа, што каб не пагоня яго сяброў за той машынай, на якой яго некуды везлі, то невядома куды завезлі б.

Побач паплечнікі, праваабаронцы, незалежныя журналісты. Няма Эдварда Дмухоўскага, бо ён сядзіць свае 15 сутак. За тое ж самае, канешне. Чакаем яшчэ двух, каго будуць судзіць. Але размова завязваецца не пра суды.

– Ці чыталі інтэрв’ю з былым намеснікам галоўнага рэдактара польскай газеты “Rzeczpospolita”, які заклікае Захад не звяртаць увагі на рэпрэсіі ў Беларусі, а наадварот супрацоўнічаць з рэжымам? – кажа адзін.

– Для мяне там нічога новага, – адказвае другі. – Тое, што з’явіліся палітыканы, якія нас, беларусаў, прадаюць самым ганебным для іх чынам, справа відавочная.

– А чаму так?

– Прычын шмат. Прыкладам, многія з іх ужо даўно не выкарыстоўваюць у сваім моўным лексіконе слова “сумленне”, ці слова “справядлівасць”, ці…

Дагаварыць не ўдаецца. Пачынаецца суд. Суддзя патрабуе не перашкаджаць, бо ў залі смех з-за паказанняў сведак. Скласці з іхных паказанняў цэльную карціну задача павышанай складанасці. Ну але ж тыя сведкі звычайныя беларускія беспрацоўныя. Іншая справа – былы намеснік галоўнага рэдактара польскай газеты “Rzeczpospolita”, а сёння дырэктар па пытаннях стратэгіі Warsaw Enterprise Institute, дарадца кампаній па вытворчасці ўзбраення… І гэтая настолькі высокапастаўленая асоба на пытанне карэспандэнта, ці ўяўляе ён, каб у 1980-ыя Рональд Рэйган сказаў: “Палякі, мы ставім на Ярузэльскага, бо ён хоць нейкая надзея, што ў Еўропе няма савецкіх танкаў. Таму мы і заплюшчым вочы на рэпрэсіі ў вашай краіне”?, адказвае: “Не, я не ўяўляю, каб Рэйган такое сказаў… А Беларусь, на маю думку, свой шанец цяпер выкарыстаць не можа. Гэта рэальная палітыка”… Скласці нейкі цэльны малюнак з гэтых супрацьлеглых высноў здаецца яшчэ цяжэй, чым з супрацьлеглых паказанняў сведкаў на судзе Саранчукова.

Рэальная палітыка! Была б такая у таго Рэйгана, то Савецкі Саюз хіба існаваў бы і зараз. Ну а ўся Ўсходняя Еўропа, якая зараз частка Еўразвязу, напэўна была б адной з складаючых частак СССР… Ну а еўрапейскія хлопцы з поглядамі “рэальнай палітыкі” былі б хіба камуністычнымі чыноўнікамі, рабілі б камуністычную “рэальную палітыку” і гаварылі б пра нас, апазіцыю, тое ж самае што і зараз. Што мы – маргіналы, што не здольныя…

Я памятаю тыя часы. Вельмі цяжкія для людзей сумлення. Можа цяжэйшыя чым зараз. Але тады, аточаны з усіх бакоў спецслужбамі, савецкі дысідэнт адчуваў сябе маральна лепш, чым сённяшні беларускі апазіцыянер. Бо ён ведаў, што недзе там у свабодным свеце ёсць яго аднадумцы, якія яго ніколі не прададуць. Хаця б маральна… Ён ведаў, што ўсе людзі на зямлі, якія разумеюць значэнне слова “справядлівасць”, ставяць яго вышэй слоў “рэальная палітыка”…

Прысуд Вадзіму Саранчукову гучыць адначасова з крыкам Паўла Севярынца ў сацсетках, які піша, што на нейкай сустрэчы еўрапейскіх палітыкаў нават не разглядалася пытанне па затрыманых… Просіць, каб усе, у каго ёсць выхады на еўрапейскую палітычную эліту, нагадалі ім…

А ў суседніх пакоях выносяць прысуды пакарання адміністрацыйнымі арыштамі пенсіянеру з групай калецтва, сардэчніку Мікалаю Саляніку і маладому хлопцу Антону Вайцехаву. Ці адчуваюць прыхільнікі “рэальнай палітыкі”, што гэта робіцца і з іх згоды? З іх маўклівай, а ўжо і не маўклівай згоды?

Але ж і людзей, якія ведаюць значэнне слоў “сумленне” і “справядлівасць” на свеце таксама многа. І ў еўрапейскай палітыцы таксама. І час сказаць ім сваё слова ўжо даўно наспеў.

Віктар Сазонаў     

 

 

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ