Сацыяльны заказ



Бывала і раней з помнікамі Леніну абыходзіліся не лепшым чынам. Але так як зараз, у адзін і той жа час і ў некалькіх месцах гэтыя сімвалы камунізму аблілі крывавай фарбай, гэта ўпершыню. І не выпадкова на розных медыйных пляцоўках стала востра абмяркоўвацца гэтая тэма. Бо ў сённяшняй Беларусі тыя манументы ёсць не толькі сімвалам савецкай эпохі, але ў нечым і сімвалам сённяшняй улады. Менавіта таму ўлада так нервова рэагуе на падобныя дзеянні і вельмі стараецца ўцяміць, а што ж гэта было насамрэч.

А насамрэч не адбылося анічога нечаканага. Сігнал ад грамадства, што на цэнтральных плошчах беларускіх гарадоў можна было б паставіць каго-небудзь больш беларускага, улада атрымала даўно. Але ўлада недаацаніла сур’ёзнасці гэтага сацыяльнага заказу. І не толькі гэтага, але і кожнага іншага, які зыходзіў з боку грамадства. І дарэмна.

Пра гэта сведчаць і спецыялісты, якія аналізавалі нядаўнія акцыі пратэсту. Яны з здзіўленнем адзначылі, што пасля разгону вулічных акцый сацыяльныя сеткі не выбухнулі чаканай актыўнасцю, а наадварот прыціхлі. З гэтага аналітыкі зрабілі выснову, што пратэстны настрой выльецца ў іншыя формы. І хіба не памыліліся. Абкрываўленыя помнікі Леніну лагічна падыходзяць на ролю першай ластаўкі.   

Зараз хіба што ўпершыню за апошнія два дзясяткі гадоў і ўлада, і тыя хто пратэставаў дакладна ведаюць, што пратэсты на гэтым не скончыліся. Цяпер уладзе без вялікіх цяжкасцей удалося разагнаць удзельнікаў акцый, бо сілы там, на вуліцы, не роўныя. Улада змагла выпусціць добра экіпіраваных і натрэніраваных байцоў з адпаведнай маральна-псіхалагічнай і палітычнай падрыхтоўкай, якая ў дадатак падмацоўваецца някепскімі матэрыяльнымі ўзнагародамі. Выхад жа на вуліцу па другі бок ад шэрагу шчытоў мае нярадасныя наступствы – затрыманні, страчаная праца або вучоба, шалёны штраф, арышт, суд і так далей. І тым не менш гэты другі бок працягвае існаваць і шырыцца. Бо ў беларусаў ужо сфармаваўся да ўлады шэраг сацыяльных заказаў. І калі ўлада не зразумела, што такія заказы проста неабходна ў той ці іншай ступені задавальняць, то гэта толькі ёй жа на шкоду. Бо грамадскасць свой сацыяльны заказ адмяніць не можа. Няма такога механізму. Ён хоць у нейкай ступені мусіць быць выкананы.

А з усіх сацыяльных заказаў грамадства якія ў Беларусі ўжо цвёрда сфармаваліся ўлада ў “нейкай ступені”, (прынамсі на словах), забяспечвае толькі адзін. Гэта суверэнітэт краіны. І то толькі таму, што гэта супадае з жаданнямі ўлады самой тут панаваць. Але нават і тут у грамадства да ўлады ёсць прэтэнзіі. Бо сацыяльны заказ на герб “Пагоня”, Бел-чырвона-белы сцяг і родную мову увесь час расце і ўжо набыў формы ўсенароднага. А ўлада не рэагуе на гэта аніяк. І гэта расцэньваецца грамадствам менавіта як удар па суверэнітэту.

Я ўжо не кажу пра іншыя сацыяльныя заказы, якія ў апошнія пяць год не толькі ўзніклі, але і набылі лагічнае і асэнсаванае напаўненне. Гэта заказ на справядлівы суд, на справядлівую абарону, і што самае галоўнае, на справядлівую ўладу.

На апошнім пункце хочацца крыху затрымацца падрабязней. Яшчэ нядаўна беларусы ў масе сваёй справядлівую ўладу не атаясамлівалі з справядлівымі выбарамі, і таму скрозь пальцы глядзелі на выбарчыя фальсіфікацыі. Улада не выкарыстала гэтага карт-бланшу і не паспрабавала падняць планку справядлівасці хаця б у непалітычным жыцці грамадства і хоць крыху задаволіць гэты сацыяльны заказ на справядлівасць. І цяпер грамадства ўжо патрабуе справядлівых выбараў. А гэта азначае, што хутка мы ўбачым сяброў выбарчых камісій, якія масава будуць адмаўляцца падпісваць выніковы пратакол. І гэта ўжо будзе другая, або апошняя ластаўка. І калі з вуліц можна людзей разагнаць сілай, то як сілу прымяніць у падобных выпадках.

Дарэчы пра вуліцы. Калі не выконваюцца сацыяльныя заказы грамадства, то і на вуліцах людзей становіцца ўсё больш. І калі па другі бок ад шчытоў і дубінак будуць стаяць брат, сусед, або бацька таго, хто тыя дубінкі трымае, то тады якасць падрыхтоўкі байца з дубінкай губляе ўсялякае значэнне і ператвараецца ў дарма страчаны час і сродкі.

Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў
Беларускае Радыё РАЦЫЯ