З указам пра гандаль алкаголем яшчэ няма поўнай яснасці



Распрацоўшчыкі ўказа, што будзе рэгуляваць гандаль алкаголем у Беларусі, былі вымушаныя пайсці на саступкі, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Красуцкі. Паводле яго словаў, напачатку планавалася абмежаваць гандаль у агульных залах усіх гандлёвых кропак, але гэтаму першкодзілі перасцярогі шэрагу чыноўнікаў, якія баяцца  зніжэння прыбыткаў бюджэту.

– Гэты праект указа прадугледжвае адзіны час рэалізацыі алкагольных напояў, а таксама забарону з 22.00 да 9.00 гандлю. І забарону гандлю ў крамах, якія не маюць гандлёвых аддзелаў. Разам з тым тут ёсць пэўныя выключэнні, якія будуць датычыць крамаў, якія маюць гандлёвую плошчу 400 і больш квадратных метраў.

1440577567185

Праект указа будзе адпраўлены на ўзгадненне ў Саўмін да 1 лістапада. Паводле Сяргея Красуцкага, прыняцце скарэктаваных правілаў – гэта толькі першы крок. Міністэрства ўнутраных спраў і надалей будзе выступаць за яшчэ больш жорсткія абмежаванні продажу алкаголя. Як заўважыў прадстаўнік МУС, ёсць чатыры патрабаванні, выпрацаваныя сусветным досведам, якія стрымліваюць алкагалізацыю грамадзян: абмежаванні гандлю па часе; па дасяжнасці ў самой краме; скарачэнне кропак гандлю і падвышэнне коштаў на алкагольныя напоі.

Беларускае Радыё Рацыя