Абмен валюты – новая праблема Крыма



З новага года ва ўсіх крымскіх гарадах перасталі працаваць пункты абмену валют. Цяпер абмяняць даляры, еўра ці грыўні на расейскія рублі можна толькі ў банках і толькі пасля запаўнення адпаведных дакументаў.

Больш падрабязна пра гэта – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Крымскія ўлады тлумачаць такую сітуацыю заканчэннем “пераходнага перыяду”, цягам якога законы на тэрыторыі анэксаванага Крыма павінны быць сінхранізаваныя з заканадаўствам Расейскай Федэрацыі. А згодна тых расейскіх законаў, набываць і прадаваць валюту можна толькі ў банках, дзе трэба ў пісьмовай форме тлумачыць ці паходжанне валюты пры яе продажы, ці наяўнасць расейскіх рублёў на яе прыдбанне.

Такім чынам, усе абменныя пункты, якіх на крымскай паўвыспе было некалькі тысяч, мусяць быць зліквідаванымі. Але ж іх супрацоўнікі, хутчэй за ўсё, не застануцца без працы: яны ці папоўняць шэрагі вулічных “мянялаў”, ці паадкрываюць нелегальныя валютныя інтэрнэт-біржы.

Такія нязручнасці з абменам валют напэўна створаць дадатковыя праблемы для тых нешматлікіх замежнікаў, якія яшчэ збіраліся наведаць Крым.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tumblr.com