Аб’ём будаўніцтва жылля ў студзені-лютым 2017 года знізіўся амаль на 14%



У студзені-лютым 2017 года ў Беларусі арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці пабудавана 7,4 тыс. новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 642,6 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што на 13,9% менш, чым за аналагічны леташні перыяд, сведчаць даныя афіцыйнай статыстыкі.

У лютым пабудавана 257 тыс. квадратных метраў, што на 5,6% менш, чым у лютым 2016 года, і на 33,4% менш, чым у студзені 2017 года.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 249,4 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы, або 38,8% агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана: з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі — 122,6 тыс. квадратных метраў (на 33,3% менш), у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 131,1 тыс. квадратных метраў.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 192,4 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, або 29,9% агульнага ўводу.

У 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 4 млн 285,7 тыс. квадратных метраў жылля — на 15,2% менш у параўнанні з 2015 годам.

У 2017 годзе плануецца пабудаваць 3,5 млн кв. м жылля. Фінансаванне з усіх крыніц складзе 3,7 млрд рублёў. Ва ўрадзе разлічваюць, што гадавая праграма будаўніцтва жылля будзе на 77% прафінансавана з уласных сродкаў насельніцтва.

Як раней заявіў БелаПАН начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва залежаць не ад будаўнікоў, а ад фінансавання. Вытворчая будаўнічая база дазваляе будаваць 10 млн кв. м жылля за год. „Будзе больш грошай, будзем больш будаваць”, — сказаў прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

belapan.by