Аналітыкі Sberbank CIB чакаюць зніжэння беларускага ВУП на 2,5%



У 2016 годзе беларуская эканоміка скароціцца на 2,5%, прагназуюць аналітыкі кампаніі Sberbank CIB — інвестыцыйнага падраздзялення расійскага „Ашчадбанка”.

эканоміка

У макраэканамічным аглядзе за трэці квартал эксперты адзначаюць, што з-за неспрыяльнай сітуацыі ў Расеі Беларусь у гэтым годзе з рэцэсіі выйсці не зможа.

„Мы знізілі прагноз эканамічнага росту ў Расеі і таму зараз лічым, што па выніках года беларускі ВУП скароціцца на 2,5%”, — гаворыцца ў квартальным аглядзе Sberbank CIB.

Раней эксперты інвестыцыйнага падраздзялення „Ашчадбанка” чакалі некаторага аднаўлення беларускай эканомікі ў другім паўгоддзі, аднак цяпер канстатуюць, што фактары, якія аказваюць негатыўны ўплыў на дынаміку ВУП, захоўваюцца.

„За студзень—верасень 2016 года прамысловая вытворчасць Беларусі знізілася на 1,7%. Стрыманы знешні попыт, у першую чаргу з боку Расеі, працягвае аказваць націск на прамысловую вытворчасць у Беларусі. У другім паўгоддзі дынаміка гэтага паказчыка застанецца негатыўнай”, — адзначаюць аналітыкі.

Паводле іх слоў, у сувязі з гэтым цалкам заканамерна, што ў гэтым годзе назіраецца падзенне інвестыцыйнай актыўнасці ў Беларусі.

„Інвестыцыі традыцыйна найбольш чуйна рэагуюць на пагаршэнне макраэканамічнай сітуацыі. Нядзіўна, што на фоне цяперашняга спаду гэты паказчык дэманструе рэзка негатыўную дынаміку”, — падкрэсліваюць эканамісты інвестыцыйнага падраздзялення „Ашчадбанка”. Яны прагназуюць, што інвестыцыі ў асноўны капітал у Беларусі ўпадуць ў 2016 годзе на 18%.

„На працягу некалькіх гадоў (2010-2014 гг.) дзяржаўнае стымуляванне крэдытавання беларускіх прадпрыемстваў спрыяла залішняй інвестыцыйнай актыўнасці. Адпаведна, цяперашняе скарачэнне інвестыцый можна разглядаць як „астуджэнне” эканомікі пасля „перагрэву”, — мяркуюць аналітыкі Sberbank CIB.

Паводле ацэнак экспертаў, разам са скарачэннем прамвытворчасці, аб’ём інвестыцый знізіцца і ў рознічны тавараабарот — на 4% (з прычыны зніжэння даходаў насельніцтва).

Па выніках студзеня—верасня з-за адмоўнай дынамікі ў гандлі, будаўніцтве і прамысловасці ВУП Беларусі скараціўся на 2,9%. Разам з тым афіцыйны прагноз уладаў на гэты год, які прадугледжвае рост ВУП на 0,3%, не пераглядаўся.

belapan.by