Анатоль Шумчанка: Дзяржава сама сябе пазбаўляе дывідэндаў



Лідар РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка пракаментаваў інфармацыюі, што сёлета ў Беларусі зачынілася на 4,5 тысячы ІП больш, чым з’явілася новых.

Анатоль Шумчанка

Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі працягвае скарачацца. На пачатак кастрычніка ў краіне было зарэгістравана каля 250 тысяч ІП, прыводзіць tut.by статыстыку Белстата. Гэта на 1,9% менш, чым было на пачатку года.

Анатоль Шумчанка: Колькасць ІП-эшнікаў насамрэч змяншаецца і не думаю, што людзі пераходзяць у іншыя сферы бізнеса. Наеліся ўжо. Гэта, безумоўна, вельмі прыкра, так не павінна быць. З тых 4,5 тысяч цяжка вызначыць, колькі займаліся рознічным гандлем, але дакладна можна сказаць, што частка вырашылася пайсці на такі крок з-за 222-га Указа і яго негатыўных наступстваў. Увогуле, сёння варта прааналізавыя гэтыя сумныя лічбы і спыніць тэндэнцыю. Вось пра што трэба казаць! Бо тое, што людзі пакінулі працу, не прынесла дзяржаве палёгкі. Прадпрымальнікі ўсё-такі стваралі працоўныя месцы, спраўна плацілі падаткі. А зараз атрымліваецца, што колькасць падаткаплацельшчыкаў скарачаецца.

РР: Адным словам, дзяржава пры гэтым яшчэ і губляе?

Анатоль Шумчанка: Дзяржава ў гэтай сітуацыі адназначна прайграе, яна сама сябе пазбаўляе дывідэндаў. І няхай чыноўнікі вызначацца, што для краіны больш важна – падаткі альбо працоўныя месцы? ІП-эшнікі здымаюць нагрузку з дзяржавы, а тут яшчэ і палкі ў колы ім устаўляюць.

РР: Ці працягнецца ў наступным годзе тэндэнцыя на змяншэнне колькасці прадпрымальнікаў?

Анатоль Шумчанка: Безумоўна. А праз 2-3 гады прадпрымальніцтва ў галіне рознічнага гандлю і наогул можа быць знішчана, калі ўсё будзе развівацца такімі тэмпамі і з такімі падыходамі. Сітуацыя проста катастрафічная! І, калі сюды яшчэ дададуцца планавыя праверкі, якія пакуль ніхто не адмяняў, то яна пагоршыцца яшчэ больш.

РР: Але ж высокія чыноўнікі ў апошні час ўсё больш заяўляюць пра стварэнне ўмоў для развіцця ў краіне малога і сярэдняга бізнеса…

Анатоль Шумчанка: Словы і справы – дзве розныя справы. А спраў пакуль не бачна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя