Анатоль Шумчанка: Ніхто ніякія спісы ў КДБ не перадаваў, гэта трызненне



Хлусня і правакацыя. Так Анатоль Шумчанка каментуе інфармацыю барысаўскага актывіста Віктара Гарбачова пра тое, што спіс з удзельнікамі апошняга форуму прадпрымальнікаў у Менску трапіў у КДБ. Гэтая інфармацыя з’явілася ў сацыяльных сетках. Старшыня аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка адзначае, што “агентура ўжо адкрыта перайшла да запалохвання прадпрымальнікаў праз падобныя ўкіды”.

– Канешне, там не згадваецца непасрэдна, што «Перспектыва» іх здрадзіла. Там гаворыцца, што спісы былі перададзеныя ў КДБ. Я магу сказаць, што спісы прысутных, рэгістрацыі, гарадоў – яны ўсе ў нас. І ў КДБ ніхто іх не перадаваў. Гэта трызненне поўнае. Гэтая заява, гэтыя каментары ў сацыяльных сетках барысаўскага «дзеяча» Гарбачова, яны маюць адну мэту – каб людзі больш не збіраліся, не кансалідаваліся, не хадзілі на форумы, баяліся. Яго мэта была – пасеяць страх і раз’яднанасць.

Анатоль Шумчанка просіць прадпрымальнікаў не прымаць да ўвагі інфармацыю Гарбачова, якую назваў «трызненнем».

Раней прадпрымальнікі абвясцілі пра свой намер правесці 15 лютага ў Менску мітынг, заяўка на які ўжо трапіла ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт. А наступны форум прадпрымальнікаў запланаваны на 29-га лютага.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя