Апытанне гарадзенцаў: Ці баяцца яны дэнамінацыі?



Ужо з  ліпеня ў Беларусі распачнецца дэнамінацыя. З грашовых адзінак прыбяруць чатыры нулі. Беларускія банкі папярэджваюць пра складанасці працы ў першыя дні з’яўлення новых грошаў. Банкіры раяць перад дэнамінацыяй за некалькі дзён зняць з картак наяўныя, каб разлічвацца імі ў крамах. Ці баяцца беларусы дэнамінацыі? Адказваюць жыхары Гародні:

– Краіна, людзі ад гэтага, напэўна, нічога не губляюць, а толькі набываюць. Набываюць зручнасць грашовага абарачэння, зручнасць аплаты. Нават тыя ж манеты, можа іх нехта і не любіць, але імі карыстаюцца амаль ва ўсіх краінах Еўропы,  і я думаю, што гэта прынясе толькі станоўчыя моманты для краіны і для насельніцтва ў цэлым.

– Ды баяцца не толькі гарадзенцы, думаю, усе беларусы баяцца. Таму што на іх жыцці ўжо не першая дэнамінацыя. І нічога добрага яна ніколі не прыносіла.

– Не баюся. Я не вельмі памятаю ранейшую, бо тады была маленькая, – што будзе, то будзе.

– Нам няма чаго баяцца. У заробку я нічога не набываю і нічога не губляю.

– Зараз баяцца асабліва няма чаго, адзіны непрыемны момант – што зноў будуць манеты. Мы ад іх адвыклі, і гэта будзе ствараць нязручнасці. Па-другое, ёсць небяспека, што пад гэтую марку цэны паднімуцца.

Пасля дэнамінацыі ў абарачэнне трапяць і манеты. Да гэтага манеты ў Беларусі ва ўжытку былі толькі ў часы Савецкага Саюза.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота novychas.by