Аўстрыйцы выдзеляць да 15 млн еўра для беларускіх грузаперавозчыкаў



Аўстрыйская група Raiffeisen Bank International праз свае даччыныя кампаніі „Прыорбанк” і „Райффайзен Лізінг” выдзеліць да 15 млн еўра на абнаўленне аўтапарка беларускіх грузаперавозчыкаў, паведамілі БелаПАН у „Прыорбанку”.

Беларускія транспартныя кампаніі змогуць набыць на выдзелены аб’ём сродкаў больш як 150 сучасных аўтапаяздоў экалагічнага класа Еўра-6. Фінансаванне можна будзе атрымаць на выгадных умовах: у лізінг на тэрмін да 5 гадоў пад 8,5% гадавых у еўра.

„Аўстрыйскі бізнес разглядае лізінг адным са стратэгічных напрамкаў развіцця ў Еўропе, — падкрэсліў намеснік старшыні праўлення „Прыорбанка” Вадзім Мацюшкін. — „Прыорбанк” як адзіны ў Беларусі прыватны банк з заходне-еўрапейскім капіталам мае ролю апорнага звяна для замежных інвестараў пры выхадзе на беларускі рынак. З 2003 года мы прыцягнулі ў эканоміку Беларусі больш за 4,4 млрд еўра замежных інвестыцый. Пры гэтым больш за 325 млн еўра прынеслі краіне сумесныя з „Райффайзен-Лізінг” праекты”.

Raiffeisen Bank International займае вядучыя пазіцыі на рынках Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і ўключае 17 даччыных кампаній па ўсім рэгіёне. Рашэнне аб выдзяленні фінансавання для Беларусі прынятае групай зыходзячы са станоўчых тэндэнцый на беларускім рынку.

Еўрапейскія кампаніі зацікаўленыя ў выхадзе на рынкі краін СНД. „Беларусь — адна з прыярытэтных у гэтым спісе дзякуючы свайму геаграфічнаму размяшчэнню на скрыжаванні транспартных калідораў Захад-Усход і Поўнач-Поўдзень Акрамя таго, рэспубліка прымае актыўны ўдзел у інтэграцыйных праектах, такіх як „Эканамічны пояс Шаўковага шляху”, што ў будучыні будзе спрыяць яшчэ больш інтэнсіўнаму развіццю транспартнага сектара ў краіне”, — лічыць упраўляючы дырэктар Raiffeisen-Leasing International (RLI) Міхаэль Хакл.

У мінулым годзе пасля некалькіх гадоў стагнацыі, выкліканай зніжэннем таварапатокаў ў рэгіёне, рынак аўтаперавозак пачаў аднаўляцца. Паводле даных асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў „БАМАП”, у 2016 годзе экспарт паслуг склаў 900 млн долараў, што на 5% больш, чым годам раней. „Адбываецца стабілізацыя на рынку, паляпшэнне дзелавой актыўнасці ў сферы грузаперавозак. У найбліжэйшыя некалькі гадоў, як чакаецца, экспарт транспартных паслуг вернецца да адзнакі ў 1 млрд долараў”, — адзначыла намеснік гендырэктара асацыяцыі Наталля Высоцкая.

Паводле яе слоў, асаблівае значэнне набывае экалагічная структура аўтапарка. Цяпер доля грузавых аўтамабіляў стандартаў Еўра-5 і Еўра-6 у беларускім аўтапарку складае 60%, аднак на Еўра-6 прыпадае толькі 2% (супраць 15-17% у краінах Балтыі). Ад якасці мадэлі аўтапарка будзе залежаць узровень канкурэнтаздольнасці аўтаперавозчыкаў на еўрапейскім рынку.

Дырэктар кампаніі „Райффайзен-Лізінг” Максім Лісіцкі пацвердзіў, што „пытанне амартызацыі і зносу дзеючага аўтапарка застаецца актуальным для грузаперавозчыкаў”. „Неадпаведнасць аўтамабіляў міжнародным патрабаванням цягне дадатковыя выдаткі, у прыватнасці, пры перавозках у краіны Еўрасаюза, дзе з верасня 2015 года дзейнічае экалагічны стандарт Еўра-6, — растлумачыў ён. — Мы ўпэўненыя, што інвестыцыйны праект групы Райффайзен будзе садзейнічаць скарачэнню выдаткаў на абслугоўванне, а таксама больш хуткаму пераадоленню беларускімі кампаніямі крызісных з’яў 2016 года”.

Кампанія „Райффайзен-Лізінг” з’яўляецца даччынай кампаніяй Raiffeisen-Leasing International (Аўстрыя) і працуе ў Беларусі з 2005 года. Кампанія ўваходзіць у тройку лідараў па аб’ёме паслуг, якія аказваюцца ў краіне.

belapan.by