Баранавіцкіх ІП, якія падпісалі зварот, выклікала падаткавая



Баранавіцкія прадпрымальнікі не вераць, што ўлада пойдзе ім насустрач і прыслухаецца да звароту, які яны накіравалі ў гарадскі выканаўчы камітэт і Адміністрацыю прэзідэнта. Яны просяць спыніць рэпрэсіі супраць полацкіх прадпрымальнікаў і даць магчымасць спакойна таргаваць прымысловымі таварамі з Масквы хаця б да 1 студзеня. Таму што Масква не дае сертыфікатаў на кожную адзінку тавару.

Калі ўлада не паслухаецца, то будзе дрэнна не толькі прадпрымальнікам, але і краіне, гавораць прадпрымальнікі:

– Па-шчырасці, нічога добрага не чакаем. Увогуле гэты загад несвоечасова прымаецца. Урад робіць не тое, што трэба рабіць. Трэба наадварот рабіць паслабленне, каб ішлі падаткі. Сёння адымі нашую долю падаткаў, і я думаю, што дзяржава гэта адчуе.

– Мы ж усё плацім. У Фонд плацім. Падаткі плацім. За арэнду месца плацім. 20% ад новага тавару плацім. Пакупніку мы ідзем насустрач, каб хоць што ўзялі. Бо ў нікога няма грошай. Мы ж усё гэта робім. І чаму на нас усё ціснуць і ціснуць? 

Як паведаміў прадпрымальнік Мікола Чарнавус, прагнозы прадпрымальнікаў пачалі спраўджвацца. Падпісантаў звароту выклікала падаткавая. А 30 кастрычніка адміністрацыя рынка збірае іх на сход.

Беларускае Радыё Рацыя