Барыс Кушнірук: Трэба здымаць гандлёвыя абмежаванні



Эканамічны эксперт украінскага аналітычнага цэнтру Барыс Кушнірук распавёў, чаму Беларусь і Украіна пакуль не змогуць давесці ўзаемны таваразварот да 8 мільярдаў даляраў.

Беларусь і Украіна дасягнулі згоды ў пытанні зняцця астатніх бар’ераў ва ўзаемным гандлі, паведаміў журналістам беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка паводле вынікаў праведзенага ў Менску 24-га пасяджэння міжурадавай беларуска-ўкраінскай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Асноўная мэта будучай дарожнай карты – давесці ўзаемны таваразварот да 8 млрд. даляраў на год. Ці рэальна гэта?

Барыс Кушнірук: Такія перспектывы пакуль выглядаюць не вельмі рэальнымі, бо гэта ж пытанне не абмежаванняў, якія прыводзяць да скарачэння таваразварота. А карані праблемы – у самой эканоміцы, наколькі яна прадуцырые попыт і прапанову. І, калі не прадуцыруе попыт, то і прапанова не з’явіцца. А эканамічны крызіс – ён жа нікуды не знік. Гэта, калі ў краіне скарачаецца інвестыцыйная актыўнасць, калі вам няма куды прадаваць свае тавары. Пры гэтым не толькі ўнутры краіны, але і за мяжой. Калі у гандлі паміж Украінай і Расеяй прысутнічаюць палітычныя праблемы, то мы бачым, як у Беларусі таксама значна скарачаецца тавараабарот з Расеяй. Здавалася б, з чаго гэта? Але на самай справе, калі прааналізаваць сітуацыю, рэальнае скарачэнне тавараабароту пачалося яшчэ ў 2012 годзе. Я яшчэ тады казаў, што Расея ўваходзіць у стан доўгатэрміновай рэцэсіі. І гэта было яшчэ, калі цэны нафты трымаліся на дастаткова высокім узроўні.

РР: Але акрамя гэтага кожная краіна хоча абараніць свой рынак, уводзячы абмежаванні ў гандлі з суседзямі…

Барыс Кушнірук: Такі ізаляцыянізм нічога добрага не нясе, бо гэта прывядзе толькі да падаражэння прадукцыі ўнутры краіны. Але трэба змагацца за канкурэнтнасць тавараў, а не за тое, што хтосьці нешта абмяжуе. Таму тыя гандлёвыя абмежаванні, якія існуюць паміж Беларуссю і Украінай, трэба здымаць. Тут можа быць станоўчы эфект у тавараабароце. Праўда, неабходна, каб тут абышлося без палітычных гульняў, калі адна краіна здымае абмежаванні, а другая іх пакідае. Дарэчы, не сакрэт, што Беларусь таксама выкарыстоўваецца, як транзітны масток паміж прыдпрыемствамі Украіны і Расеі. Тут можна сказаць і пра авіяперавозкі пасажыраў, і пра тавары, і паслугі, якія не хочуць “свяціць” па палітычных матывах.

РР: Якія вам бачацца перспектывы беларуска-украінскіх стасункаў?

Барыс Кушнірук: Як ужо казаў, бакам вельмі важна зразумець, што ўзаемныя абмежаванні не параджаюць эфектыўнасць эканомікі. Тут трэба, каб сама дзяржава праводзіла такую палітыку, каб твая прадукцыя была канкурэнтнай. Калі гэтага не адбываецца, то вам і так ужо нічога не дапаможа. Альбо будзе прывабная эканоміка, альбо па-ранейшаму будзеце выпускаць прымітыўную прадукцыю, а разумныя людзі пабягуць з краіны так, што вы іх нават не дагоніце.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя