Барыс Жаліба: Беларусы праядаюць валюту



„У многім курс беларускага рубля падтрымліваецца на стабільным узроўні, бо насельніцтва прадае свае валютныя запасы”, — кажа эканаміст Барыс Жаліба.

Барыс Жаліба

Фота svaboda.org

Нацыянальны банк Беларусі прагназуе зніжэнне ў 2017 годзе кошту рубля да кошыка валют на 5-7 адсоткаў. Ці рэальна будзе ажыццявіць гэтыя планы?

Барыс Жаліба: Курс рубля вызначаюць многія фактары. У тым ліку, і знешнія. У Беларусі чацвёрты год запар зніжаецца валютны прыбытак, і, як лічаць аналітыкі, у многім курс беларускага рубля падтрымліваецца на стабільным узроўні, бо насельніцтва праядае свае валютныя запасы, у банкаўскай сістэме змяншаюцца валютныя дэпазіты. Гэтая валюта паступае на рынак і ўраўнаважвае сітуацыю. Але ж запасы ў людзей не бясконцыя ды і цана на нафту не вельмі падвышаецца, каб пачаў моцна расці валютны прыбытак. Гэтак жа, не падвышаюцца і цэны на калій. Таму Нацбанк дае вельмі аптымістычныя прагнозы. Добра будзе, калі рубель застанецца на сённяшнім узроўні ў наступным годзе.

РР: Але сёння рубель у адносінах да даляра і еўра насамрэч умацоўваецца…

Барыс Жаліба: Як я ўжо казаў, насельніцтва гэтаму спрыяе, бо з пачатку года чысты продаж валюты фізічнымі асобамі склаў каля паўтара мільярда даляраў. Гэта даволі буйная сума. Што датычыцца цэнаў на нафту, то невядома, як у гэтай сферы будуць разгортвацца падзеі. Зараз краіны, якія ўваходзяць ў АПЕК, спрабуюць зменшыць здабычу нафты, і, магчыма, цана на нафту крыху пойдзе ўверх. Гэта таксама паспрыяе ўмацаванню беларускага рубля.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя