Беларусь атрымала трэці транш крэдыту ЕФСР у 300 млн долараў



Беларусь атрымала трэці транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). 300 млн долараў паступілі ў рэспубліканскі бюджэт 26 красавіка, паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў.

„Рэспубліка Беларусь выканала ўмовы для атрымання трэцяга траншу фінансавага крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, падпісанага ў Маскве 25 сакавіка 2016 года”, — адзначылі ў міністэрстве.

Вясной 2016 года беларускія ўлады падпісалі крэдытную праграму аб атрыманні з ЕФСР крэдыту на 2 млрд долараў, які даецца сямю траншамі. Для атрымання траншаў беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер па рэфармаванні эканомікі.

Раней беларускі бок атрымаў два траншы еўразійскага крэдыту — 500 млн долараў у сакавіку 2016 года, 300 млн долараў — у ліпені. Мінфін Беларусі разлічваў атрымаць трэці транш таксама ў 300 млн долараў у кастрычніку 2016 года, аднак гэтага не адбылося: пасяджэнне савета ЕФСР летась не праводзілася.

Беларускія аналітыкі адзначалі, што затрымка з даваннем трэцяга траншу еўразійскага крэдыту з’яўлялася следствам нафтагазавай спрэчкі паміж Масквой і Менскам. Як паведамлялася, на перамовах у Санкт-Пецярбургу 3 красавіка Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяркоўвалі ўзаемадзеянне Беларусі з ЕФСР. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі паводле вынікаў сустрэчы заявіў журналістам, што Пуцін „быў праінфармаваны аб рэалізацыі Беларуссю праграмы ў межах Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця”. „На ўзроўні прэзідэнта Расеі мы атрымалі падтрымку нашым ініцыятывам у частцы далейшага працягу гэтай праграмы. Уладзімір Пуцін абяцаў усяляк садзейнічаць, каб праграма з ЕФСР працягвалася”, — сказаў 4 красавіка Мацюшэўскі. Ён таксама ўдакладніў, што Расея ў 2017 годзе поўнасцю рэфінансуе ўсе абавязацельствы Беларусі па міждзяржкрэдытах у памеры 750-800 млн долараў.

Плацяжы Беларусі па знешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу сёлета складаюць прыблізна 3,5 млрд долараў. З іх на плацяжы па знешнім доўгу плануецца накіраваць 1,8 млрд долараў, па ўнутраным — 1,7 млрд. Самыя буйныя сумы ў кошт пагашэння знешняга дзярждоўгу сёлета Беларусь павінна пералічыць Расеі (741,3 млн долараў), Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (487,9 млн) і Кітаю (381,7 млн).

Беларускія ўлады працягваюць перамовы аб новай крэдытнай праграме з Міжнародным валютным фондам.

belapan.by