Беларусь больш не атрымае ад Расеі таннага газу?



Міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак не бачыць падстаў для змены пагаднення з Беларуссю пра цану на газ, які пастаўляецца краіне.

Аляксандр Новак

„Пытанне абмяркоўваецца, няма ніякіх падстаў мяняць формулу, ім жа „Газпрам” таксама выстаўляе рахункі па формуле, якая прапісана ў кантрактах, якія ў іх ёсць. Тут цяпер няма дадатковых юрыдычных падстаў для ўнясення змяненняў у пагадненне”, — цытуе словы Новака журналістам ТАСС.

Як паведамлялася раней, „Газпром” лічыць немэтазгодным зніжаць цану на газ для Беларусі. „У нас жа формула з Беларуссю вельмі простая. Мы бярэм цану вытворчасці ў Ямала-Ненецкай акрузе і да яе дадаем цану транспарціроўкі, нічога лішняга. І гэты прынцып быў падпісаны. Чаму мы павінны сёння прадаваць газ Беларусі танней, чым прадаем яго ў Расеі?” – заявіў намеснік старшыні праўлення „Газпрама” Валерый Голубеў 9 красавіка.

Ён адзначыў, што існуюць розныя формулы цэнаўтварэння на газ. „Ёсць формулы, напрыклад, звязаныя з нафтавымі каэфіцыентамі, а Беларусь ішла па іншым шляху, яны ж самі не пайшлі на формулу, прывязаную да нафтавых эквівалентаў, яны захацелі цану, як у Расеі, плюс транспарт. Сёння беларускія калегі кажуць – не, мы хочам, каб было па-іншаму. Ну, трэба быць паслядоўнымі”, – адзначыў топ-менеджар „Газпрама”. Голубеў удакладніў, што цяпер кошт для Беларусі складае 132 даляры за тысячу кубаметраў.

У сваю чаргу прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў называў галоўнай праблемай прывязку коштаў на расейскія энерганосьбіты да даляра. Так, паводле яго слоў, у пачатку 2014 года цана газу для Беларусі складала 165 даляраў за тысячу кубаметраў. Гэта было пры курсе расейскага рубля 32-33 за даляр. На 1 студзеня 2015 года цана на газ складала 142 даляры за тысячу кубаметраў. „Пры гэтым даляр стаў каштаваць больш за 60 расейскіх рублёў. Лагічна, што газ ужо павінен каштаваць парадку 80 даляраў, а ў нас 142″, – сказаў Кабякоў.

„Аб’ём знешняга гандлю ў мінулым годзе ў нацыянальных валютах паміж краінамі склаў прыкладна 82%. Экспарт Беларусі ў Расею практычна на 100% ідзе ў расейскіх рублях. Імпарт ідзе таксама ў расейскіх рублях. Але ўсе энерганосьбіты мы купляем за даляры. Разлічвацца можна і ў расейскіх рублях, але галоўная праблема ў тым, што цэнаўтварэнне прывязана да даляра”, – канстатаваў Кабякоў.

belapan.by