Беларусь гатова супрацоўнічаць з „Уралкаліем”



Беларусь гатова супрацоўнічаць з „Уралкаліем”, але інтарэсы краіны павінны быць захаваны на 200 працэнтаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, заслухоўваючы даклад аб асобных пытаннях дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сустрэчу з кіраўніком дзяржавы былі запрошаны генеральны дырэктар Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец, генеральны дырэктар ААТ „Беларуськалій” Іван Галаваты і старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі Ігар Ляшэнка.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прадстаўнікі расейскага боку ўжо не першы раз звяртаюцца да яго з просьбай аднавіць узаемадзеянне з „Беларуськаліем” па вытворчасці і продажы ўгнаенняў. Пры гэтым было адзначана, што некалькі гадоў таму супрацоўніцтва паміж дзвюма кампаніямі было разарвана. „Сёння яны ўбачылі, што цяжкавата працаваць паасобку. Тым больш убачылі, што мы жыццеўстойлівыя. І з’явілася новае кіраўніцтва, якое прапануе вярнуцца да работы разам”, – растлумачыў ён.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы раней даручаў прапрацаваць варыянты сумеснай работы „Беларуськалію” і „Уралкалію”. „Але там інтарэсы Беларусі павінны быць захаваны ўжо на 200 працэнтаў, а не на 100 працэнтаў. Мы ўжо наеліся гэтай сумеснай работы, таму калі працаваць разам, то – з тэрыторыі Беларусі, сумленна і прынцыпова дамовіўшыся па ўсіх пытаннях, і ў гэтым ключы дзейнічаць. Мы не пойдзем ні на якія ўступкі, але да кампрамісаў гатовы. Але гэтыя кампрамісы павінны быць узаемавыгаднымі”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней ужо вызначаліся крытэрыі, у адпаведнасці з якімі „Беларуськалію” і Беларускай калійнай кампаніі неабходна будаваць сваю работу.

„Усё павінна быць сумленна і аб’ектыўна. Калі мы разам пачнём працаваць, значыць, мы павінны дамовіцца з імі, заключыць дагавор і дзейнічаць. Калі мы бачым, што нашых інтарэсаў там няма, значыць, не трэба на гэта ісці. Будзем працаваць, як працавалі”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.