Беларусь — лідар інфляцыі сярод краінаў былога СССР



Беларусь заняла першае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені—маі 2016 года, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз даных нацыянальных органаў статыстыкі.

За пяць месяцаў спажывецкія цэны ў краіне выраслі на 7%. Далей ідуць Азербайджан (6,7%), Украіна (5,2%), Казахстан (4,2%), Расія (2,9%), Таджыкістан (2,7%), Эстонія (1,5%), Латвія (1,2%), Літва (0,9%) і Малдова (0,3%). Цэны знізіліся ў Грузіі (на 0,3%), Арменіі (на 0,6%) і Кыргызстане (на 1,8%). У Туркменістане апублікаваныя даныя толькі за першы квартал (рост цэн склаў 0,57%). Няма звестак па Ўзбекістане. У самаабвешчаным Прыднястроўі, дзе свая ўласная фінансавая сістэма, цэны павялічыліся за студзень—май на 1,08%.

Па выніках студзеня Беларусь была трэцяй па павелічэнні цэн (1,9%), студзеня-лютага — другой (4,8%), першага квартала — другой (5,7%), студзеня-красавiка — таксама другой (6,4% ).

У маі 2016 года Беларусь з ростам цэн на 0,5% падзяліла другое месца з Казахстанам. На першай пазіцыі Латвія (0,6%). Далей — Расія (0,4%), Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан (па 0,2%), Украіна і Эстонія (па 0,1%). Цэны не змяніліся ў Літве, знізіліся — у Азербайджане (на 0,1%), Грузіі (на 0,4%) і Арменіі (на 0,7%).