Беларусь найбуйнейшы пастаўшчык кантрабандных цыгарэт у ЕЗ



Беларусь з’яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком кантрабандных цыгарэт у краіны Еўразвяза праз Украіны і Прыднястроўя. Пра гэта ў інтэрв’ю львоўскай газеце “Высокі замак” заявіў старшыня Закарпацкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Генадзь Маскаль.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

У інтэрв’ю львоўскай газеце Генадзь Маскаль фактычна звінаваціў беларускі бок у арганізацыі буйных кантрадандных паставак цыгарэт.

“Галоўны спажывец кантрабанды – гэта Францыя, Італія, Нямеччына, Гішпанія, а звышпрыбыткі атрымліваюць на рынках Англіі, — зазначыў старшыня Закарпацкай абласной дзяржадміністрацыі. – Там фармуюцца замовы і адтуль ідуць грошы. Ёсць беларуская тытунёвая фабрыка “Нёман” у Гародні – на 100 % дзяржаўная ўласнасць. Мы выйшлі на сайт і падрахавалі, што толькі праз КПП “Платонова” і “Кучурган” транзітам з Беларусі ў Прыднястроўе прайшло цыгарэт столькі, што калі іх аддаць усяму насельніцтву Прыднястроўя, то яны, разам з немаўлятамі, то яны будуць выкурваць у месяц па 30 пачак… Гэта абсурд!” – дадаў Генадзь Маскаль.

У мэтах барацьбы з кантрабандай урад Украіны і зліквідаваў усе пункты пропуску падакцызных тавараў на мяжы з Прыднястроўем. Цяпер такія тавары могуць праходзіць толькі праз малдаўскія пункты пропуску.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя