Беларусь паставіла ў Расею яблыкаў у 5 разоў больш за свой ураджай



Беларусь у 2015 годзе паставіла ў Расею 573 тысяч тон яблыкаў і грыбоў, што ў пяць разоў перавышае сабраны ў Беларусі ўраджай. Пра гэта заявіў намеснік генпракурора Расеі Уладзімір Маліноўскі на пасяджэнні аб’яднанай калегіі Генеральных пракуратураў Расеі і Беларусі.

«У 2015 годзе ў Расею імпартавана 573 тыс. тон беларускіх яблыкаў і грыбоў. Паводле мінсельгасу Беларусі, гэта ў пяць разоў перавышае сабраны ўраджай», — цытуе ТАСС Маліноўскага.

Пасяджэнне аб’яднанай калегіі генпракуратураў дзвюх краін было прысвечана пытанням арганізацыі ўзаемадзеяння праваахоўных органаў так званай Саюзнай дзяржавы і павышэння эфэктыўнасці пракурорскага нагляду ў сферы барацьбы з мытнымі злачынствамі.

З 2014 году Расея забараніла ўвоз харчавання з Еўропы, ЗША і некаторых іншых краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі з прычыны сітуацыі ва Украіне. Пад забарону падпалі мяса, каўбасы, рыба і морапрадукты, гародніна, садавіна і малочная прадукцыя.