Беларусь пералічыць 281 млн даляраў за расейскі газ



Сума недаплаты беларускім бокам за пастаўлены расейскі газ складае 281 млн даляраў і будзе пералічана да 20 кастрычніка, заявіў журналістам міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык 11 кастрычніка на адкрыцці Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму ў Менску.

Расейскі газ

Пры гэтым міністр адзначыў, што аплата за верасень будзе праводзіцца з улікам прынятых рашэнняў у рамках падпісанага на мінулым тыдні пратакола з Расеяй. „Да 20 кастрычніка мы разлічымся за недаплату, сродкі на гэта зарэзерваваныя ў бюджэце краіны і будуць своечасова пералічаныя”, — заявіў Патупчык.

Адказваючы на пытанне пра цану газу, ён сказаў: „Цана да 1 ліпеня 2017 года будзе разлічвацца па формуле” ЯНАА плюс”. На сённяшні дзень на мяжы Расеі і Беларусі гэта цана складае 132 даляры за тысячу кубаметраў прыроднага газу”.

Патупчык таксама адзначыў, што цана будзе мяняцца ў адпаведнасці са змяненнем цаны ў Расейскай Федэрацыі і ў далейшым разлічвацца па вышэйназванай формуле.

З нагоды падпісанага з Расеяй пагаднення па пытаннях паставак газу Патупчык адзначыў, што гаворка ідзе пра рашэнне, якое „носіць кампрамісны характар і ўзаемавыгаднае для абодвух бакоў”.

belapan.by