Беларусь у першай дзясятцы ў Nuclear Security Index



У новым рэйтынгу ядзернай бяспекі Nuclear Security Index Беларусь увайшла ў лік самых бяспечных краін.

radyjacyja

Паводле прадстаўленага ў ЗША новага рэйтынгу ядзернай бяспекі Nuclear Security Index, Беларусь заняла 8-е месца пасля Аўстраліі, Швейцарыі, Канады, Польшчы, Бельгіі, Германіі і Нарвегіі, паведамляе сайт Беларускай АЭС.

Глабальная ацэнка ядзернай бяспекі даецца раз на два гады па дзвюх асноўных катэгорыях: абарона ад крадзяжоў ядзерных матэрыялаў і ад дыверсій. У дакладзе Nuclear Security Index краіны падзеленыя на дзве групы: у першай, у якую ўваходзіць і Беларусь, — 24 краіны, якія маюць адзін і больш кілаграма ядзерных матэрыялаў; у другой групе 152 краіны, дзе захоўваецца менш за кілаграм ядзерных матэрыялаў або іх няма наогул. У першую групу ўвайшлі таксама Казахстан (17-е месца) і Расія (18-е).

Сярод дзяржаў, якія валодаюць зброевымі ядзернымі матэрыяламі, найгоршыя паказчыкі па пазіцыях ацэнкі маюць Іран і КНДР. Па ўзроўні дыверсійнай небяспекі ў канцы спіса — некалькі арабскіх краін і Ізраіль. Адносна кібербяспекі падкрэслена, што ў двух дзясятках дзяржаў афіцыйна не ўстаноўленыя нават мінімальныя патрабаванні да абароны, сярод іх — Кітай, Іран, КНДР, Казахстан, Ізраіль.

Даклад складае кампанія Economist Intelligence Unit, якая ўваходзіць у склад медыяканцэрна Economist Group, і ў ім утрымліваецца шэраг рэкамендацый па ўмацаванні рэжыму ядзернай бяспекі. У прыватнасці, прапаноўваецца ўзмацненне кібербяспекі на ядзерных аб’ектах, своечасовае планаванне надзейных мер абароны пры збудаванні новых аб’ектаў, а таксама ажыццяўленне планіравання на перспектыву пасля правядзення заключнага саміту па ядзернай бяспекі. Чацвёрты і апошні такі форум павінен прайсці ў Вашынгтоне ў сакавіку-красавіку 2016 года.

Нагадаем, цяпер у Беларусі вядзецца будаўніцтва першай атамнай станцыі. Яе першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў лістападзе 2018 года, другі — у ліпені 2020 года.

Між тым суседняя Літва не раз выказвала неспакой наконт будаўніцтва Беларускай АЭС у непасрэднай блізкасці да Вільнюса. Так, міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс і кіраўнік МЗС Лінас Лінкявічус заклікалі Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці пасля таго, як яны пачнуць працаваць. Як сцвярджаюць міністры, гэтыя АЭС пагражаюць навакольнаму асяроддзю і ствараюць несумленную канкурэнцыю на рынку электраэнергіі.

belapan.by