Беларусь замахнулася на вытворчасць чорнай ікры



Як паведамляе газета НАН РБ «Навука», ужо больш за дзесяць гадоў беларускія навукоўцы вядуць працу з весланосам – прадстаўніком асятровых. Два матачныя статкі агульнай колькасцю больш за 300 асобін утрымліваюцца ў рыбгасе «Сялец» у Бярозаўскім раёне, а таксама ў дапаможнай гаспадарцы Інстытута рыбнай гаспадаркі НАН Беларусі – у гасразліковым рыбаводным участку «Вілейка».

Калі самцы таўсталобіка сталеюць на 4-5 годзе жыцця, то весланосы – у 12-13 гадоў. І беларускія асятровыя ўжо гатовыя стаць бацькамі. А вось жаночыя асобіны, як і ўсе асятровыя доўгажыхары, сталець не спяшаюцца. Навукоўцы чакаюць, што самкі могуць дасягнуць палавой сталасці ў найбліжэйшыя год-два. Вось тады і пойдзе ікра! А, можа, не пойдзе…

ікра

Навукоўцы асцярожна ставяцца да весланосаў як да пастаўшчыкоў чорнай ікры, але прызнаюцца, што гэта перспектыўны від. І далікатэсным прадуктам спадзяюцца забяспечыць не толькі ўнутраныя патрэбы рэспублікі, але і весці экспартныя пастаўкі. Напрыклад, на сусветных біржах за крупчастую ікру весланоса цяпер просяць блізу 600-700 даляраў за кг.

Зрэшты, паводле прагнозаў, далікатэсная ікра асятровых будзе таннець, бо рынак гэтага прадукту імкліва адваёўвае Кітай. Традыцыйныя крыніцы паступлення чорнай ікры страчваюць сваё значэнне.

Як высвятляецца, у Беларусі ўжо цяпер здабываюць сваю чорную ікру. Так, летась атрымана блізу 200 кг ад сцерлядзі і ленскага асятра. Пры гэтым аб’ёмы ўнутранага спажывання далікатэсу, якія ацэньваюцца паводле велічыні сярэднегадавога імпарту, складаюць усяго 200-250 кг. Гэта значыць, самім сабе, для ўнутранага спажывання, ікры мы ўжо «надаілі».

З традыцыйнымі «пастаўшчыкамі чорнай ікры» занадта шмат праблем: рыбаводам даводзіцца 10-15 гадоў вырошчваць і ўтрымліваць асятровую самку, якая дае ікру раз на 2-3 гады. Таму беларускія навукоўцы зрабілі стаўку на нашага абарыгеннага асятра – сцерлядзь. Самы дробны від, але і самы хуткаспелы. «У нас практычна сфармаваныя хатнія статкі сцерлядзі, якія здольныя аддаваць ікру амаль штогод. У прынцыпе, унутранае спажыванне чорнай ікры мы можам задавальняць уласнымі сіламі. Галоўнае, каб была цікавасць да яе ў нашых перапрацоўшчыкаў і спажыўцоў», – заявіў намеснік дырэктара Інстытута рыбнай гаспадаркі ў навуковай рабоце Уладзімір Каставусаў.